Сёлета машынабудаўнічая галіна скарацілася больш чым на 27%

У Беларусі ў студзені—верасні 2009 года аб`ём вытворчасці на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі знізіўся на 27,3%, да 17 трлн. 472,1 млрд. рублёў. Пра гэта са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе агенцтва БелаПАН. Істотны спад адзначаны па большасці відаў прадукцыі. Павялічылася, хіба што, вытворчасць бытавых газавых пліт. Сёлета іх зрабілі на 3,8% больш, чым летась — 606,9 тысяч.

Нягледзячы на спад вытворчасці, на складах сабралася значная колькасць прадукцыі. Запасы металарэзных станкоў у 4,1 разу перавышаюць сярэднямесячны аб`ём іх вытворчасці, кавальска-прэсавых станкоў — у 2,3 разу, грузавых аўтамабіляў — у 3,6 разы, аўтобусаў — у 2 разы, падшыпнікаў — у 4,4 разы, тэлевізараў — у 3 разы, гадзіннікаў — у 35,8 разы.

Са стратамі сёлета працавалі 122 прадпрыемствы галіны, ці 20,6% ад агульнай колькасці. Агульная сума стратаў склала 100,4 млрд. рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі