Вы тут

Сын акадэміка, даследчык Антарктыды Дзмітрый Лукашанец знайшоў прытулак у Літве

Дзмітрый Лукашанец / Фота з асабістага архіву

Даследчык Антарктыды біёлаг Дзмітрый Лукашанец пасля акцыяў пратэсту перабраўся ў Літву. Тут ён атрымаў прытулак і знайшоў новае месца працы — у Інстытуце марскіх даследаванняў пры Клайпедскім дзяржаўным універсітэце.

У інтэрв'ю delfi.lt навуковец патлумачыў, што апошнім часам у Беларусі навукай займацца стала немагчыма. Кіраўніцтва Акадэміі навук заяўляе, што цалкам падтрымлівае дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і сілавікоў, а тым, хто сутыкнуўся з гвалтам, — так і трэба, самі заслужылі. У такіх умовах Лукашанец працаваць не захацеў і пакінуў пасаду намесніка дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. На гэтай пасадзе ён працаваў апошнія паўтара года.

Навуковец займаўся даследаваннем Антарктыды, удзельнічаў у экспедыцыях на гэты мацярык. "Антарктычная праграма ўсё ж з'яўляецца "іміджавым" праектам і звязаная з грамадскім жыццём, таму замкнуцца ў сабе, адседзецца, засяродзіцца на кабінетнай або навуковай працы, дзе цябе амаль ніхто не бачыць і не ведае, і зрабіць выгляд, што ты нічога не заўважыў і наогул ні пры справах, не атрымалася б. Гэта супярэчыць маім прынцыпам і перакананням", — прызнаецца ён.

Бацькі Дзмітрыя Лукашанца таксама працавалі ў навуковай сферы. Бацька Аляксандр Лукашанец — мовазнаўца, акадэмік. "Пасля масавых пратэстаў і хвалі гвалту ён таксама не змог заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца і выказаў сваё незадавальненне разам з іншымі навукоўцамі ў калектыўным звароце. За гэта ён паплаціўся пасадай... Нават ішла гаворка пра тое, каб пазбавіць яго звання акадэміка. Было сказана, што ён акадэмік з антыдзяржаўнай пазіцыяй, прычым усё гэта мусолілася прылюдна", — распавядае навуковец. 

Маці Дзмітрыя працавала ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дзе праходзілі шматлікія акцыі супраць гвалту сілавікоў. Удзел у іх прынялі як студэнты, так і выкладчыкі. "Гэта быў не проста парыў душы — у першую чаргу, ён быў звязаны з тым, што амапаўцы ўрываліся і затрымлівалі студэнтаў проста ў будынку. Многія выкладчыкі, зразумела, не змаглі на гэта спакойна глядзець. Яны выказалі сваю пазіцыю — услед за гэтым пракацілася хваля звальненняў. Ад іх пазбавіліся вельмі хутка. Мая мама — прафесар кафедры агульнага мовазнаўства. Яна не стала чакаць і ўступаць у дыялог з начальствам — звольнілася сама. Сказала, што не можа здраджваць свайму сумленню і гонару, хоць многія змірыліся і прамаўчалі", — згадвае Лукашанец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.