Сыходзіла лясамі і балотамі — Валярына Кустава аб тым, як з'язджала з Беларусі

Валярына Кустава / belsat.eu
Валярына Кустава / belsat.eu

Цікавасць сілавых органаў прымусіў паэтку і журналістку Валярыну Куставу выехаць з краіны. Пра тое, чаму і як яна з'язджала, яна распавяла на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

"Цяпер я не толькі паэт, але дысідэнт і нават крыху бежанец", — напісала яна.

Усё пачалося з таго, што да яе дадому прыйшлі сілавікі. Адначасова супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яе на працу і да бацькоў. Правялі ператрусы, апыталі суседзяў. Па словах паэткі, яна да гэтага часу не ведае, што менавіта канфіскавана. "Ёсць меркаванне, што ўся тэхніка (былі спробы (без поспеху) ўзламаць пошту і профілі з маіх жа кампутараў), каштоўнасці, сродкі", распавядае яна.

Што ёй інкрымінуюць, Валярына не ўдакладняе. Адзначае толькі, што яе адвакат пакуль не змог азнаёміцца са справай, "бо СК яшчэ "дапрацоўвае" яе".

"На мне — дзве з хвосцікам крыміналкі. І вялікая цікавасць СК, КДК, міліцыі і ГУБАЗіК", — адзначае паэтка.

Выехаць ёй дапамаглі сябры.

"Некалькі дзён дабіралася ў бяспечнае месца — без тэлефона, рэчаў і сродкаў, мяне эвакуявалі лясамі і балотамі. Як ёсць — у чым выйшла з хаты", — распавяла Валярына Кустава.

Паводле яе слоў, перспектыва крымінальнай справы аказалася не самым страшным. Страшней тое, што забралі звыклае "жыццё на радзіме".

Валярына кажа, што ніколі не хацела з'язджаць, і па сутнасці нікуды не з'ехала: "Мае сны, думкі, вершы і справы — на радзіме. І дзеля яе", напісала яна.

Валярына Кустава вяла праграму на тэлеканале "Белсат". У маі сілавікі прыйшлі на студыю тэлеканала ў Мінску, дзе здымаюць ток-шоу "Кожны з нас". Былі затрыманыя некалькі тэхнічных супрацоўнікаў. Іх абвінавацілі ў "непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі", пецярых арыштавалі на 15 сутак, аднаму выпісалі штраф.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі