Сяргею Жадану анулявалі забарону на ўезд у Беларусь

Беларусь анулявала ўкраінскаму пісьменніку і паэту Сяргею Жадану забарону на ўезд у краіну. Рашэнне было прынятае цягам некалькіх гадзін.

“Тое, што пытанне пазытыўна вырашылася, гэта добрае сведчанне, што супярэчанняў паміж намі няма. Вельмі разлічваю на тое, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак”, — распавёў Радыё Свабода Сяргей Жадан.

На сваёй старонцы ў Facebook паэт выказвае падзяку ўкраінскім і беларускім дыпламатам. "Здаровы розум і пачуццё годнасці перамагаюць усё, што было напісана ў пуцінскіх тэмніках, — напісаў Жадан. — Вельмі рады магчымасць надалей наведваць Беларусь і паглыбляць украінска-беларускія культурныя сувязі".

Запрошанага ў Беларусь на паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” ўкраінскага літаратара затрымалі ў нумары гатэля "Юбілейны" ўночы на 11 лютага і даставілі ў Ленінскі РУУС, дзе ён знаходзіўся да раніцы.

Пазней Жадану вярнулі пашпарт са штампам аб забароне на ўезд у Беларусь. Праваахоўнікі растлумачылі гэта тым, што ён неўязны ў Расію з-за “прыналежнасці да тэрарыстычнай дзейнасці”, а паколькі ў Беларусі адзінае візавае поле з РФ, то Жадан не можа наведваць і нашу краіну.

Украінская амбасада накіравала з гэтай нагоды ноту ў МЗС Беларусі. Амбасадар Беларусі ў Кіеве быў выкліканы ва ўкраінскі МЗС. Пазней сітуацыю абмеркавалі міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і яго ўкраінскі калега Павел Клімкін. У выніку гэтых перамоваў было вырашана скасаваць забарону на ўезд у Беларусь для Сяргея Жадана.

Жадан вядомы сваёй актыўнай падтрымкай антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.