Вы тут

Сяргея Скрыпаля, якога атруцілі ў Солсберы, выпісалі з бальніцы

Сяргей Скрыпаль падчас суда ў Расіі. Фота: ТАСС.

Былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля, якога атруцілі ў Солсберы, выпісалі з бальніцы. Пра гэта паведамляе "Бі-Бі-Сі" са спасылкай на Нацыянальную службу аховы здароўя Брытаніі. "Добрыя навіны, Сяргей Скрыпаль дастаткова здаровы, каб выпісацца з раённай бальніцы Солсберы", — заявіў дырэктар медыцынскай установы Кары Чарльз-Баркс.

Дачка Сяргея Скрыпаля Юлія была выпісаная яшчэ месяц таму.

66-гадовы Скрыпаль з дачкой былі атручаныя ў Солсберы 4 сакавіка. Брытанскія ўлады перакананыя, што гэта было нервова-паралітычнае рэчыва класу "Навічок" і што за гэтай акцыяй з вялікай доляй верагоднасці можа стаяць Расія (прэм'ер Тэрэза Мэй пераканала ў гэтым лідараў краін ЕС). Пазней версію з "Навічком" пацвердзілі эксперты Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, якія атрымалі пробы крыві пацярпелых для аналізу. У Маскве гэтыя абвінавачанні абверглі. Тым не менш, адбылася ўзаемная высылка дыпламатаў: спачатку расійскіх дыпламатаў выслалі Вялікабрытанія, ЗША і яшчэ больш за два дзясяткі краін, пасля на гэта адказала Расія.

Напярэдадні з'яўлялася інфармацыя, што паліцыя працягвала дапытваць Скрыпаля ў бальніцы.