Вы тут

Сяргей Сацук вызвалены. З яго ўзялі падпіску аб яўцы

Сяргей Сацук / Еўрарадыё

Водомы сваімі расследваннямі журналіст Сяргей Сацук вызвалены пасля 10-дзённага затрымання. З яго ўзялі падпіску аб яўцы. Рашэнне аб узяцці пад стражу галоўнага рэдактара выдання "Ежедневник" адмяніў пракурор. Абвінавачванні ў хабары, пра якія вялася гаворка раней, не прад'яўленыя. 

"Каб следства працавала без ціску, было рашэнне вызваліць мяне", — распавёў Сацук Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Па словах Сяргея, напярэдадні затрымання ён сустракаўся з польскім калегам і абмяркоўваў новае расследванне пра прэзідэнтскую бальніцу. Гэта быў панядзелак. У сераду яго затрымалі. 

Сацук кажа, што следчыя прасілі яго не даваць каментары наконт справы. Ён дзякуе калегам і неабыякавым грамадзянам за падтрымку.

Цяпер журналіст дома.

Сяргей Сацук быў затрыманы ў адной з мінскіх крамаў супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Паводле звестак ведамства, Сацук як галоўны рэдактар і ўладальнік інтэрнэт-выдання "Ежедневник" узяў 5000 долараў за падрыхтоўку і публікацыю на сваім сайце артыкула, "які змяшчае кампраметуючыя звесткі ў дачыненні да канкурэнтаў суб'екта гаспадарання — кампаніі "Анімед".

Некалькі месяцаў таму, адчуўшы ціск з боку ўладных людзей, галоўны рэдактар ​​"Ежедневника" Сяргей Сацук пакінуў Еўрарадыё тэкст на выпадак свайго затрымання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.