Сяргей Новікаў: 0:5 дома — гэта ўдар па прэстыжы і рэпутацыі

Еўрарадыё пацікавілася меркаваннем вядомага журналіста, супрацоўніка газеты "Прессбол" Сяргея Новікава пра матч групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў БАТЭ — "Барселона", прайграны барысаўчанамі з буйным лікам.
110829 NovikauS.mp3
Новікаў: Уражанні яшчэ гарачыя, вельмі вялікія, такія, якія нам футбол апошнім часам рэдка даруе. Вярнулася футбольная даўніна 80-х, калі нашы мары, нашы спадзяванні здзяйснялі футбалісты мінскага "Дынама". Нешта накшталт гэтага было ўчора на стадыёне, і гэта сапраўды вялікае свята. Ну, а ўсё астатняе, у сэнсе свята, залежала ў асноўным ад гасцей, ад славутай "Барселоны", на жаль, наша каманда асабіста мяне расчаравала, увяла ў нейкі зман, бо чакаў нечага большага.

Еўрарадыё: У чым, на вашу думку, была праблема? Гэта гульцы неяк разгубіліся ці трэнерскі штаб абраў памылковую тактыку?

Новікаў: Што тычыцца тактыкі, то тут казаць пра нейкія памылкі, відаць, дарэмна. Бо калі да гэтай тактыкі, якой бы яна ні была, не дадаецца нешта большае, нейкі баявы дух, ментальнасць нейкая незвычайная, калі няма падрыхтоўкі ў галіне псіхалогіі, супрацьстаяць камандзе класа "Барсы" немагчыма і безнадзейна. Калі казаць пра памылкі трэнерскага штаба, то яны якраз былі не ў сэнсе тактыкі (тактыка магла б спрацаваць), не было псіхалагічнага падмурку, каб гэта магло здарыцца.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што БАТЭ задавіў аўтарытэт "Барселоны"?

Новікаў: Відаць, можна сказаць і так, хоць я ведаю, што нашы хлопцы не такія прастакі, каб проста ўбачыць Месі і адразу разгубіцца. Магчыма, проста нейкі такі дысбаланс быў у час падрыхтоўкі, магчыма, вельмі шмат часу якраз аддавалася гэтаму тактычнаму плану на гульню, і не было якраз таго, пра што я казаў — духу не было. Не было сапраўдных байцоў, барацьбітоў за наш футбол, за тое, куды яны трапілі. Усё ж гэта Ліга чэмпіёнаў і 0:5 дома — гэта ўдар па прэстыжы і рэпутацыі.

Еўрарадыё: На які лік вы спадзяваліся?

Новікаў: Я спадзяваўся, што нашы здолеюць прынамсі не прайграць. Дык вось у гэтым сэнсе я цалкам расчараваны, бо ніякіх падстаў, ніякіх падмацаванняў маім чаканням гульня каманды не дала.

Еўрарадыё: Якой гульні вы чакаеце ад сустрэчы БАТЭ з "Міланам"?

Новікаў: Па-першае, я чакаю гульні іншай, і яе іншасць будзе ў тым, што нашы хлопцы будуць гуляць значна смялей. А калі ў іх ёсць гэтая смеласць, то яны і паказаць могуць у разы больш, чым мы бачылі ўчора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі