Сяргей Мацкевіч: Асамблея — зарэгістраваная, але па-ранейшаму нелегальная

Нагадаем, Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб'яднанняў — найбуйнейшае ў нашай краіне згуртаванне арганізацый грамадзянскай супольнасці, якое аб'ядноўвае каля 300 грамадскіх аб'яднанняў, фондаў і іншых некамерцыйных арганізацыяў. У Беларусі асацыяцыі тройчы адмаўлялі ў рэгістрацыі.

Еўрарадыё: Вашая арганізацыя атрымала рэгістрацыю, але чамусьці не ў Беларусі, а ў Літве. Ці зараз гэтая рэгістрацыя неяк спрасціць вашую працу?

Мацкевіч: “Думаю, што ў Беларусі гэта наўрад ці моцна спрасціць. Адзінае, што нам будзе прасцей выступаць ад нашага імя. Бо мы цяпер зарэгіставаная арганізацыя. Але дзейнасць у Беларусі, на жаль, можа быць легальнай толькі ў выпадку рэгістрацыі ў Беларусі. А гэта пакуль немагчыма...”.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што цяпер, напрыклад, на вашыя заявы будзе рэагаваць МЗС Беларусі, а не Міністэрства юстыцыі?

Мацкевіч: “Не, думаю, што ў любым выпадку будзе Мінстэрства юстыцыі рэагаваць. Будзе трактаваць нас зноў жа як "незарэгістраваную арганізацыю", якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі. Тыя падставы, на якіх нам адмаўляюць у рэгістрацыі [у Беларусі], гэта хутчэй палітычнае рашэнне, таму мы будзем працягваць сваю працу, бо лічым, што гэта наша неад'емнае права”.

Еўрарадыё: Асамблея няўрадавых арганізацый — гэта арганізацыя як "парасон", каля якога гуртуюцца ўсе астатнія няўрадавыя арганізацыі Беларусі, хто пагаджаецца на гэта. Як бы вы ахарактарызавалі стан "трэцяга сектару" ў Беларусі пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі?

Мацкевіч: “Я б не сказаў, што мы "як парасон". Хутчэй мы сеткавая арганізацыя, якая дапамагае зрабіць тое, што кожная арганізацыя паасобку зрабіць не можа. Стан "трэцяга сектару" ў нас не змяняецца з даўніх часоў. Па-ранейшаму засталіся варожыя адносіны дзяржавы да непадкантрольнай ініцыятывы. Між тым паступова расце грамадская актыўнасць. Гэта выражаецца ў тым, што зараз ёсць пратэсты па-за структурызаванай грамадзянскай супольнасцю. Настрой у грамадстве змяняецца і людзі пачынаюць адстойваць свае правы”.

Еўрарадыё: Зараз распачалася хваля акцыяў праз сацыяльныя сеткі. Якую можна зрабіць выснову, што роля няўрадавых арганізацыяў сыходзіць на другі план, людзі самі навучыліся самаарганізоўвацца?

Мацкевіч: “Думаю, што тут першасны парыў грамадзянаў да праяўлення грамадскай актыўнасці, ён заўсёды бывае такім "незарэгістраваным". Потым, калі людзі хочуць працаваць на больш сталай аснове, больш думаюць пра тое, якім чынам дамагацца сваіх правоў, тады яны пачынаюць ствараць арганізацыі”.

Еўрарадыё: Што вы параіце сваім калегам, таксама рэгістравацца ў замежжы?

Мацкевіч: “Параю, у першую чаргу, дзейнічаць незалежна ад таго, ці рэгіструе Мінюст арганізацыю ці не. Потым, калі для публічнай дзейнасці трэба рэгістрацыя, то рэгістравацца”.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі