Сяргей Лаўроў патлумачыў, чаму ў Расію нельга трапіць праз Беларусь

Сяргей Лаўроў патлумачыў, чаму ў Расію нельга трапіць праз Беларусь

22 лістапада ў Мінску міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў распавёў на сустрэчы з журналістамі пра недастатковасць абароны расійска-беларускай мяжы. Як інфармуе БелаПАН, Расія і Беларусь абмяркоўваюць ідэю "адзінай візавай прасторы". Пасяджэнне міжведамаснай групы візавай палітыкі запланаванае на канец лістапада ці на пачатак снежня. Пакуль адзіная візавая палітыка не скаардынаваная, на мяжы дзвюх краін могуць з'явіцца часовыя міжнародныя пункты пропуску. Неабходнасць гэтага ён тлумачыць пагрозай тэрарызму.

Лаўроў заявіў, што "дзейная віза — недастатковы фактар, каб трапіць у Расію". "Акрамя наяўнасці візы, яшчэ адной умовай з'яўляецца ўезд праз міжнародны пункт пропуску. А з Беларуссю ў нас няма мяжы і пунктаў пропуску, таму тыя, хто на законных падставах можа трапіць у Расію, мусяць карыстацца іншымі геаграфічнымі магчымасцямі", — сказаў міністр замежных спраў Расіі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у сваю чаргу заявіў, што Беларусь зацікаўленая, каб такіх праблемаў не было.

Як вядома, у мінулым месяцы Расія ў аднабаковым парадку забараніла ўезд на сваю тэрыторыю замежнікам транзітам праз Беларусь. Радыё Свабода адзначае, што замежныя грузавікі па трасе М1 прапускаюць у Расію, легкавікі — як пашанцуе. На сельскіх дарогах паміж дзяржавамі пакуль пераважна няма ні пастоў, ні памежнікаў, ні шлагбаўмаў. На турыстычных форумах такі варыянт перасячэння мяжы часта абмяркоўваюць, але дасведчаныя вандроўнікі папярэджваюць: нават калі вам удасца ўехаць у Расію празь Беларусь, абыходзячы кантроль, вы аўтаматычна станеце парушальнікам закону і можаце быць дэпартаваныя з расійскай тэрыторыі з наступнай забаронай уезду.

Сяргей Лаўроў патлумачыў, чаму ў Расію нельга трапіць праз Беларусь
Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі