Сяргей Каваленка: Абвінавачванні супраць мяне развальваюцца

Сябра партыі КХП-БНФ у Віцебску Сяргей Каваленка прайшоў сёння псіхіятрычную экспертызу. Як паведаміў у гутарцы Еўрарадыё актывіст, нараканняў да стану яго здароўя ў лекараў не было. Сяргей Каваленка: “Усё нармальна, сказалі. Але вынікі яшчэ яны перададуць у міліцыю — там яшчэ аналіз рабіць будуць. З цікавасцю слухалі, па-чалавечы”.

На думку Каваленкі, медычная экспертыза была прызначаная яму з-за адсутнасці ў міліцыянтаў якіх-колечы сур’ёзных доказаў яго віны. Нагадаем, 7 студзеня апазіцыянер вывесіў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг на галоўную навагоднюю ёлку ў Віцебску.

Сяргей Каваленка: “У іх развальваюцца абвінавачванні. Калі ўзяць, напрыклад, пашкоджанні, то тут няма складу злачынства. Таму што хуліганства — гэта наўмысна трэба пашкоджваць. А калі нават і пашкодзіў, то не наўмысна: гэта не была мая мэта! Мая мэта была палітычная акцыя. І, па-другое, калі ўзяць, што я аказваў супраціў міліцыянтам, то пабоі — у мяне. Хоць яны там парачку сабе зрабілі нейкіх дробязяў, але яны зацікаўленыя асобы”.

Ужо заўтра Сяргей Каваленка мае намер сустрэцца са сваім адвакатам, каб вырашыць, што рабіць далей.

Віцебскага актывіста вінавацяць у хуліганстве і супраціве работнікам міліцыі. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі