Сярэдні чэк мінскіх прадуктовых крамаў знізіўся на 15 працэнтаў

Мінчукі ўсё больш эканомяць, а пастаўшчыкі выдумляюць новыя назвы для тавараў, каб падняць кошт. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што выносяць у торбах беларусы з крамаў "Пакупніцкая здольнасць падае. Наш сярэдні чэк зменшыўся на працэнтаў 15-ць. Зараз ідзе пераарыентацыя на прадукцыю больш нізкіх коштаў. Напрыклад, кава лепш купляецца танная", — распавялі Еўрарадыё ў гастраноме "Особый".

А ў краме "Шэпічы" узрос попыт на малако, ёгурты сталі браць менш.

"Шэпічы": "Менш ёгуртаў сталі купляць. Бяруць малако і кефір. Прадукты невысокай тлустасці карыстаюцца самай вялікай папулярнасцю".

Справа ў тым, што пакупнік стаў больш разборлівы. Людзі набываюць жывыя ёгурты, а тэрмічныя зараз не бяруць, патлумачыла сітуацыю таваразнавец універсама "Особый".

А малако бяруць больш, бо яно таннае, распавялі ў гастраноме "Заводскі":

"У мінулым годзе ў спёку бралі кісламалочную прадукцыю, кефір напрыклад. А ў гэтым годзе малако. Магчыма, попыт на малако ўзрос, бо яно само па сабе танней".

На працягу апошняга года ідзе спад рэалізацыі хлеба. Цяпер мінчукі купляюць больш дыетычныя прадукты.

"Шэпічы": "Зараз усе лічаць калорыі. Не паверыце! Нават мужчыны. Бяруць, вычытваюць. Не любяць хлеб з дабаўкамі".

Але хлеб усё роўна купляюць, бо замяніць яго няма чым, тым больш калі закончылася бульба — другі хлеб для беларуса. Але хлеб цяпер бяруць лепшай якасці, які можа доўга захоўвацца, танны ж хлеб не прадаецца. Хаця і на ім эканомяць, распавялі ў гастраноме "Особый":

"Цяпер проста меней сталі браць. Калі раней цэлую буханку бралі, то цяпер палову".

Трохі зменшыўся попыт на элітныя алкагольныя напоі. Але гэта звязваюць не толькі з крызісам, але і з тым, што доўгі час яго не было ў продажу і людзей адвучылі. А вось каўбасы за апошнія два месяцы падаражэлі амаль ў два разы, таму і попыт на іх знізіўся.

"Особый": "Каўбасы падаражэлі вельмі. Сыравэнджаныя пару месяцаў таму былі па 24 тысячы, а цяпер яны каштуюць 36-40 тысяч. Зразумела, што попыт знізіўся".

Кошты на прадукты растуць. Пастаўшчыкі не ўпісваюцца ў 0,5% роста коштаў, якія дазволеныя Міністэрствам эканомікі. Таму прыдумляюць новыя назвы, каб іх падняць, распавялі Еўрарадыё ў "Заводскім" гастраноме:

"Перыядычна з'яўляюцца новыя каўбасы, яны даражэй. Ці пельмені былі "Дамашнія", а сталі "Дамашнія традыцыйныя", ці "Люкс". Дадаецца слова, значыць новае найменне, і можна новы кошт сфармаваць".

Хаця высвятляецца, што людзі не любяць змены назваў, бо новым прадуктам не так давяраюць.

"Шэпічы": "Напрыклад, быў "Водар". Гэта быў такі масавы гатунак хлеба. А цяпер яго называюць "Водарны", "Асобы" ці "Традыцыйны". Але людзі не хочуць браць, заўсёды пытаюцца, ці няма "Водара".

Сёння сярэдні чэк у вялікіх сталічных маркетах прыблізна 40 тысяч, якраз тая сума, пра якую кажуць: "Схадзіў у краму і нічога не купіў".


Фота: кадр з фільма "99 франкаў"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі