Сяляне з Дрыбінскага раёна адмаўляюцца ад беларускага грамадзянства

Сяляне з Дрыбінскага раёна адмаўляюцца ад беларускага грамадзянства

Сяляне Ларыса і Андрэй Гуляшовы з вёскі Кароўчына Дрыбінскага раёна вырашылі адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Пра гэта яны напісалі ў сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў. Нагодай для такога рашэння яны называюць дзеянні мясцовых чыноўнікаў, піша horki.info

Ад беларускіх пашпартоў яны вырашылі адмовіцца яшчэ ў 2017 годзе. Тэрмін дзеяння гэтых дакументаў у мужа і жонкі скончыўся, атрымліваць новыя пашпарты яны не збіраюцца. 

Гуляшовы наракаюць на дзеянні мясцовых чыноўнікаў. Падатковая інспекцыя патрабуе ад іх дэкларацыю аб даходах за 2012-2015 гады. Падаваць такую дэкларацыю сяляне не збіраюцца, бо ў адпаведнасці з законам аб асабістай дапаможнай гаспадарцы не вялі ніякай бухгалтэрыі. Па словах Ларысы Гуляшовай, штогод падатковая казала ім, што дэкларацыю падаваць не трэба, але калі ў сям'і з'явілася машына, дык сталі патрабаваць дэкларацыю.

Цяпер сям'я стараецца разарваць адносіны з дзяржавай. Гуляшовы скарацілі дапаможную гаспадарку, каб толькі ўтрымліваць сябе (раней яшчэ хапала і на продаж).

"Прыкладны грашовы абарот ад нашай асабістай дапаможнай гаспадаркі складаў штогод каля 30 тысяч умоўных адзінак. А цяпер — усё. Мы купляем у краме толькі запалкі і соль. Магчыма, і ад гэтага хутка адмовімся. Самі навучымся шыць вопратку, апрацоўваць скуры. Свечкі вось навучыліся рабіць, яны значна лепш за пакупныя", — кажа Андрэй Гуляшоў.

Адмовіцца ад беларускага грамадзянства, не маючы гарантыі грамадзянства іншай краіны, Гуляшовы не могуць. Але пра такі намер яны напісалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў: "Паважаныя дэпутаты, вы складаеце і прымаеце законы. Рабіце гэта так, каб сяляне, якія вырабляюць матэрыяльныя даброты і для вас таксама, маглі паводле іх жыць. А то ў вас законы не стыкуюцца адзін з адным. Адзін дазваляе жыць і ствараць, а другі адбівае ўсялякую ахвоту гэта рабіць. Мы, простыя людзі, нясем на сабе груз вашых недапрацовак". 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі