Святлана Бурава: Хлопчыкі з дзяцінства не павінны баяцца хатняй працы

Святлана Бурава: У мяне скептычнае стаўленне да дня 8 сакавіка. Адзін раз на год узгадваюць пра жанчын, пра тое, што трэба пашыраць іх магчымасці, думаць пра іх, штосьці для іх рабіць. Мне падаецца гэта крывадушным. Апроч таго, вельмі шкада мужчын, якія бегаюць напярэдадні і штосьці спрабуюць набыць, замест таго каб рабіць гэта раўнамерна на працягу года і пастаянна выказваць увагу.

Еўрарадыё: Як сёння змянілася роля жанчыны ў сям’і?

 

Святлана Бурава: Становішча жанчын змяняецца разам з ростам іх адукацыі і ростам самасвядомасці. Яны даўно выйшлі на рынак працы нароўні з мужчынамі. Яны зарабляюць грошы і прыносяць іх у сям’ю. Гэтая нагрузка – і прафесійная і хатняя – вельмі вялікая. А мужчыны вельмі мала дапамагаюць у хатняй гаспадарцы і выхоўванні дзяцей. Да таго ж, яшчэ змяняецца інстытут сям’і. У большасці краін свету было патрыярхальнае грамадства і традыцыйная сям’я, на чале з мужчынам, у якой жанчыне адводзілася роля захавальніцы дамашняга агменяю, маці, гаспадыні. Сёння традыцыйная сям’я змяняецца, становіцца раўнапраўнай ў адпаведнасці з дэмакратычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве.

Еўрарадыё: Што азначае раўнапраўе ў Беларусі? Як прымусіць мужчыну мыць посуд і выхоўваць дзяцей?

 

Святлана Бурава: Некаторыя са мной не пагодзяцца, але ў сям’і хлопчыкі павінны выхоўвацца так жа, як і дзяўчынкі, выконваць хатнюю працу. Сёння сітуацыя ў свеце такая, што кожны чалавек павінен умець быць аўтаномным, умець усё рабіць для сябе і рабіць штосьці для іншых. Хлопчыкі з дзяцінства не павінны баяцца хатняй працы, не павінны лічыць ганебным памыць посуд ці закінуць бялізну ў пральную машыну, ці прыгатаваць ежу. У іх такія ж рукі і такія ж здольнасці, як і ў дзяўчынак. Тады і ва ўласнай сям’і гэта не будзе для іх чымсьці незвычайным, нейкай дадатковай нагрузкай. Калі мы роўныя ў грамадстве, то павінны быць роўнымі партнёрамі і ў сям’і. Гэта справядліва.

Еўрарадыё: Ці робіць ваш муж на 8 сакавіка штосьці асаблівае?

 

Святлана Бурава: А ён кожны дзень штосьці робіць. У нас акурат тая сям’я, дзе няма падзелу на мужчынскую і жаночую працу. Хто раней прыйшоў, той штосьці і робіць. Тэорыя ў мяне супадае з практыкай. Першапачаткова, можа, і я рабіла больш, але калі жанчына адукаваная, працуе, ды яшчэ і ўдзельнічае ў нейкай грамадскай арганізацыі – я адна з прадстаўніц беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын – то мужчына павінен дапамагаць. Муж не быў супраць, каб я займалася прафесіяй і грамадскай працай, яго падтрымка была менавіта ў выкананні нейкай хатняй працы.

фота: http://www.cgtalk.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі