Свініна ў Беларусі каштуе 10 тысяч! Па такім кошце яе купляе мінстат

Апошнія месяцы Еўрарадыё пільна сачыла за дзіўнымі коштамі на зялёную цыбулю ў Беларусі. Летам цэны на цыбулю вагаліся ад 15 да 25 тысячаў рублёў! У мінскіх крамах нават кілаграм авакада каштаваў менш.
Увосень кошты крыху знізіліся, але ўсё адно даходзілі да 20 тысячаў за кілаграм.

“А што вы хацелі? Цяпер жа не лета”, - так у кастрычніку адказвалі Еўрарадыё ў адміністрацыі “Камароўкі”:

“Цыбуля зялёная каштуе 15-20 тысяч. Мінімальны кошт – 15 тысяч за кілаграм, а максімальны – 20. Давайце казаць адкрыта: цяпер усё даражэе...”.

Нават старшыня дзяржкамітэта Зянон Ломаць публічна абурыўся наконт таго, што беларуская агародніна даражэй за імпартную. Словы чыноўніка паўсюдна цытавалі ў прэсе. А сам ён грозна абяцаў разабрацца. Была паказальная лупцоўка, якая скончылася тым, што “парушэнняў парадку цэнаўтварэння ў нашых, айчынных вытворцаў не выявілі”.

Але вось што дзіўна! Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, такой праблемы ўвогуле не было. Сярэдняя цана на зялёную цыбулю за лета склала каля чатырох тысяч, а ў верасні-кастрычніку — каля 7 тысяч беларускіх рублёў, паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве статыстыкі Беларусі:

“Па Рэспубліцы Беларусь сярэдняя цана на цыбулю зялёную склала ў чэрвені 4 тысячы 806 рублёў. У ліпені – 4775 рублёў. І ў жніўні – 5 тысяч 449 рублёў. Сярэднія кошты па Рэспубліцы Беларусь на зялёную цыбулю склалі ў верасні 2008 года 7 тысяч 846 рублёў, у кастрычніку – 7 тысяч 64 рублі”

Паводле інфармацыі Белстату кошты на іншыя асноўныя прадукты былі наступнымі.

Капуста свежая ў верасні-кастрычніку каштавала каля 650 рублёў. Цэны бульбы за гэтыя месяцы даходзілі да 800 рублёў. Цэны на свініну вагаліся ад дзесяці тысяч да 10 тысяч 300 рублёў. Што тычыцца алею, то ў верасні-кастрычніку ён каштаваў ад 5800 да 6200 рублёў.

Вось, можаце і параўнаць афіцыйныя кошты з сапраўднымі. Прынамсі, як паведамілі нам на галоўным рынку сталіцы “Камароўцы”, літар алею сёння каштуе каля чатырох з паловай тысячаў.

Прэс-сакратар Белстату Алена Кандраценка разыходжанні ў лічбах на цыбулю патлумачыла наступным чынам:

“Разумееце, мы ўлічваем рознае – і сталіцу, і невялікія гарады, і сельскую мясцовасць, і рознічны продаж, і рынкі. Тут таксама ёсць розніца. У нас з’явіўся свой вытворца і ён прадаваў прадукцыю танней, чым імпартную мы атрымлівалі. Але гэты вытворца, магчыма, не вырасціць яе ў тым аб’ёме, каб забяспечыць усе рэгіёны. У сталіцы, напрыклад, магло не быць. А цана выводзіцца сярэдняя па рэспубліцы!”

Але каб атрымаць у сярэднім сем тысяч, пры коштах 15-20 тысяч у мінскіх крамах, напэўна, дзесьці зялёную цыбулю мусілі раздаваць бясплатна...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі