Вы тут

Сваякі Марыі Калеснікавай падалі заяву ў міліцыю пра знікненне

Марыя Калеснікава / З архіву Еўрарадыё

Сваякі сябры прэзідыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай падалі заяву ў міліцыю пра яе знікненне. Заяву прынялі, мусіць пачацца яе пошук, паведамляе тэлеграм-канал штабу Віктара Бабарыкі. Калеснікава была схоплена невядомымі раніцай у панядзелак у цэнтры Мінска, калі ішла на пошту. Яе звезлі ў невядомым накірунку на мікрааўтобусе. На працягу дня ніякай афіцыйнай інфармацыі пра месцазнаходжанне апазіцыйнага палітыка не з'явілася.

Юрыст Максім Знак у стрыме на YouTube паведаміў, што таксама няма інфармацыі пра зніклых у панядзелак прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і яе выканаўчага сакратара Івана Краўцова. Аднак стала вядома, што ў кватэры Краўцова прайшоў ператрус, які праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.