“Свабодны тэатр” збіраецца адыграць спектакль “11 кашуляў”

І гэта нягледзячы на затрыманне міліцыяй усёй трупы разам з гледачамі і французскім рэжысёрам 22 жніўня.
22 жніўня ўвечары ў прыватным доме ў раёне Зялёнага Лугу ў Мінску павінна была адбыцца прэм’ера “Свабоднага тэатра”.

Спектаклі тэатра праходзяць на прыватных пляцоўках апошнія два гады з–за пастаянных адмоваў у арэндзе памяшканняў.

Спекталь пастаўлены французскім рэжысёрам Крыстыянам Бенэдэцці паводле п’есы англійскага аўтара Эдварда Бонда “11 кашуляў”. Твор носіць абсалютна непалітычны характар: генеральная лінія п’есы – гвалт у школьным асяродку. Аднак адразу на пачатку спектакля ў катэдж уварваўся АМАП. Міліцыя затрымала ўсіх прысутных: сярод 50 арыштаваных французскі рэжысёр са сваёй асістэнткай і трое дзяцей.

Дзяніс, актор “Свабоднага тэатра”, расказаў Еўрарадыё, што над пастаноўкай спектаклю на працягу 20 дзён працаваў французскі рэжысёр Крыстыян Бенэдэцці і Ніна, ягоная асістэнтка:

“Мы гасцілі ў траўні ў Парыжы, і зараз яны ў адказ прыехалі да нас у Мінск. На пачатку спектакля ўварваліся міліцыянты, і ўсіх: і актораў, і рэжысёраў, і гледачоў -- “пад белыя ручанькі” арыштавалі і завезлі ў Савецкі РАУС. Там на нас склалі пратаколы, запісалі тлумачэнні, што і як адбывалася. І дзесці з паловы на 12-ю ночы і да паловы на 2-ю нас усіх выпусцілі. Патлумачылі затрыманне вельмі проста: міліцыю выклікалі суседзі, таму што мы перашкаджаем ім адпачываць. Крычым і парушаем грамадскі парадак”.

Гэта ўжо не першы “наезд” з боку ўладаў на “Свабодны тэатр”. Мікалай Халезін, кіраўнік “Свабоднага тэатра”, паведамў, што, на яго думку, акцыя па зрыве прэм’еры была спланаванай:

“На наш тэатр даўно ідуць такія хвалі ад дзяржавы. Ужо амаль усе рэжысёры і акторы “Свабоднага тэатра” звольненыя з дзяржаўных тэатраў. У нашага тэатра няма ні нейкіх датацыяў, ні памяшканняў, ды нічога, па сутнасці, няма! Гэта, безумоўна, была спланаваная акцыя, таму што разам прыйшлі і супрацоўнікі РАУС, і АМАПу, і КДБ. Мы выслухалі тое, што ім абыякава, замежныя тут рэжысёры ці беларускія гледачы – ад гэтага для іх нічога не мяняецца”.

Праз паўгадзіны пасля арышту да дома быў падагнаны аўтобус, у якім затрыманых і даставілі ў пастарунак. Людзей трымалі ў канферэнц-зале Савецкага РАУС. Прычым першымі былі адпушчаныя іншаземцы.

Спадар Халезін зазначае, што французы, якія апынуліся ў беларускім пастарунку, не проста наведвальнікі спектакля, а сусветна вядомыя рэжысёры, два выкладчыкі вышэйшай галандскай школы мастацтваў і адміністратар французскага тэатра-студыі “Арфавіль”:

“Гэта грамадзяне, якіх ведаюць у творчых і акадэмічных асяродках. Гэта ж не проста гледачы ці звычайныя людзі”.

На думку беларускага рэжысёра, факт арышту трупы разам з гледачамі і французамі, не застанецца проста чарговым доказам самавольства беларускіх уладаў. Па словах Мікалая Халезіна, ужо вельмі шмат хто ведае пра тое, што адбылося. Пра гэта ведаюць Том Стопард і Мік Джагер. Ніхто з іх не разумее, чаму ў нашай краіне нельга глядзець нават непалітычныя спектаклі:

“Як можна ацэньваць той гвалт, які ідзе на звычайных людзей, на актораў і рэжысёраў? На людзей, якія збіраюцца нават і не па палітычных матывах. Калі ўлада працуе супраць творчых асобаў, гэта гаворыць аб адным – наступіў такі час, калі цяжка будзе ўсім. Сёння, калі эканамічныя праблемы турбуюць грамадства, ужо няма разбору для ўладаў, каго засоўваць пад прэс. Мы ведаем, што зараз цяжка, і такое ж будзе далей, а можа, яшчэ і горш”.

Французская амбасада вельмі сціпла адрэагавала на затрыманне сваіх суайчыннікаў беларускай міліцыяй. Як паведамілі БелаПАН у французскай дыпмісіі, амбасада задаволена вызваленнем сваіх грамадзян. На гэты момант дыпламаты абмежаваліся агульнай заявай пра высвятленне абставін затрымання французскіх грамадзян.

Дарэчы, 23 жніўня прэм’ера спектакля “11 кашуляў” усё ж такі адбудзецца. Сачыце за навінамі на Еўрарадыё.

Фота — www.dramaturg.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі