Сумесная сістэма СПА з Расіяй не перашкодзіць Беларусі размаўляць з Захадам

Былы міністр абароны лічыць гэты праект узаемавыгадным для Беларусі і Расіі і кажа, што нават калі аднойчы Беларусь паспрабуе ўвайсці ў Еўрасаюз, сумесная сістэма СПА з Расіяй ёй у гэтым не перашкодзіць.
На сустрэчы ў Сочы ў жніўні 2008 года прэзідэнты Беларусі і Расіі дамовіліся стварыць адзіную беларуска-расійскую сістэму супрацьпаветранай абароны. Было заяўлена, што пагадненне будзе падпісанае на чарговым паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ўвосень.

Восень падыходзіць ужо да свайго завяршэння, а пра падпісанне гэтага пагаднення не чуваць. Цікава, што такое рашэнне Мядзьведзева і Лукашэнкі эксперты наўпрост звязвалі з намерам паставіць амерыканскую сістэму супрацьракетнай абароны ў Польшчы. Пасля таго, як прэзідэнцкія выбары ў Амерыцы выйграў дэмакрат Барак Абама, размяшчэнне ПРА ў Польшчы стала пад пытаннем. Магчыма, таму і Беларусь з Расіяй не спяшаюцца падпісваць і пагадненне аб сумеснай сістэме СПА?

Былы міністр абароны Павал Казлоўскі лічыць, што нават калі ў Польшчы не паставяць амерыканскі супрацьракетны шчыт, гэта ніяк не паўплывае на пагадненні Мінска і Масквы.

Казлоўскі: Гэта зусім розныя пытанні. Ёсць прыклады нармальных сумесных сістэмаў СПА: ЗША-Канада, еўрапейская сістэма. Гэта абарончая сістэма, выгадная і Беларусі, і Расіі. Я б гэта не звязваў з тым, ці будуць ўсталяваныя сістэмы ПРА ў Еўропе ці ракетныя комплексы ў Калінінградскай вобласці. Гэтае пытанне (стварэнне сумеснай сістэмы СПА з Расіяй – прым. аўтара) абмяркоўвалася яшчэ ў той час, калі я быў міністрам абароны ў 92-94 гадах.  Гэта абсалютна нармальна.


ЕРБ: А чаму, ў такім выпадку, гэтае пытанне вырашаецца так доўга, калі яно выгаднае абодвум бакам?

Казлоўскі: Ну таму што і стварэнне саюза вырашаецца доўга ды ніяк не вырашыцца. У пагадненні аб саюзнай дзяржаве ў раздзеле, які датычыўся абароны, стварэнне агульнай сістэмы СПА было адным з пунктаў.

ЕРБ: Аднак на сённяшні дзень пытанне саюзнай дзяржавы выклікае ўсё больш сумневаў...

Казлоўскі: Ну вось таму і пагадненне аб сумеснай сістэме СПА не падпісваецца.

ЕРБ: А калі гэтае пагадненне ўсё ж будзе падпісанае, якім чынам яно адаб’ецца на дыялогу Беларусі з Захадам, які зараз распачынаецца?

Казлоўскі: Ну, я б на месцы Захада ні з чым гэтае пагадненне не звязваў. Гэта абсалютна нармальнае пагадненне аб стварэнні абарончай сістэмы СПА. Калі мы крыху памарым і ўявім сабе, што Беларусь паспрабуе ўвайсці ў Еўрасаюз, гэтая аб’яднаная сістэма СПА не мусіць перашкаджаць.

ЕРБ: Аднак я чула, напрыклад, ад амерыканскіх чыноўнікаў, што яны негатыўна ставяцца да вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі...

Казлоўскі: Пазіцыя ЗША тут ясная ў тым плане, што яны б вельмі не хацелі, каб Беларусь умацоўвала свае стасункі з Расіяй. Ва Украіны ёсць сёння выразная пазіцыя, у Грузіі ёсць, а Беларусь вагаецца. ЗША не хочуць саюзу Расіі і Беларусі, а гэтая сістэма СПА – гэта адзін з дастаткова важных пунктаў саюзнай умовы.

ЕРБ: А ці можа гэтая сістэма быць выкарыстаная для атакі?

Казлоўскі: Ну... Калі атака будзе, можна прыкрываць атаку з паветра ў сваіх межах, і сістэма нават дазваляе перахопліваць самалёты  па-за беларускімі межамі. Калі на нас будуць ляцець самалёты з Захаду і несці бомбы, сістэма дазваляе перахопліваць гэтыя самалёты - і тады бомбы будуць падаць на Польшчу. Але гэта ўжо вайна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі