Суды па справах Шчукіна і Севярынец перанесены

Сёння з раніцы у судзе Першамайскага раёну Віцебска распачалося чарговае пасяджэнне па справе Валерыя Шчукіна.

Суддзя Надзея Гур’ян заслухала усіх сведак, акрамя пенсіянеркі, якая нібыта першая заўважыла ва ўлётках, што распаўсюджваў спадар Шчукін, абразу членаў выбарчай камісіі.

Жанчына не з’явілася у суд, спасылаючыся на сталы узрост і дрэнны стан здароў’я.
8 чэрвеня Валерыю Шчукіну будзе прад’яўлена абвінавачанне, суд заслухае яго так званае “апошняе слова” і павінен будзе вынесці прысуд.

Тым часам актывісты, якіх збілі і затрымалі падчас учорашняй акцыі пратэсту, таксама трапілі у суд. Іх справы разглядалі у судзе Віцебскага раёну.

Генадзь Шарах пакараны штрафам у памеры адной базавай велічыні за удзел у несанкцыянаваным пікеце.

Зміцер Лісіенка і Алесь Дзеравянка маюць з’явіцца у суд на наступным тыдні.

Суд задаволіў хадатайства аб тым, каб хлопцы маглі скарыстацца паслугамі адвакатаў. Андрэй Данілеўскі пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі ды яшчэ адну — за удзел у несанкцыянаваным пікеце.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, які прысутнічаў на судзе, справа Данілеўскага разглядалася апошняй, якраз пасля таго, як суддзя Таццяна Ліпская атрымала нейкае загадкавае тэлефанаванне.

Па словах спадара Левінава, пасля размовы па тэлефоне суддзя паставілася да апошняга затрыманага больш жорстка, чым да яго сяброў.

Суд па зыску Таццяны Севярынец, маці Паўла Севярынца, да аддзела адукацыі Першамайскага раёну аб аднаўленні на працы таксама перанесены з прычыны таго, што суддзя не паспела апытаць усіх сведкаў.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 14 чэрвеня.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі