Суд прыпыніў разгляд справы наконт дзейнасці ПКБ

Сёння Вярхоўны суд прыпыніў разгляд справы наконт дзейнасці Партыі камуністаў Беларускай. Нагадаем, Мінюст звярнуўся ў суд з патрабаваннем ліквідаваць ПКБ у сувязі з тым, што кіраўніцтва структуры адмовілася прадставіць спісы партыйцаў.

На судзе прадстаўнік мінюста Аляксандар Харытон настаяў на тым, каб разгляд пазову быў прыпынены ў сувязі з тым, што ў справе з’явіліся новыя абставіны. Пра гэта нашаму радыё паведаміў лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

“Мінюст лічыць, што да гэтай справы трэба далучыць яшчэ адну: па іхняму папярэджанню, якое было вынесена 4 студзеня.

Яны ўнеслі такую прапанову, і суд задаволіў яе. Але, я мяркую, што паміж сабой гэтыя справы ніяк не звязаны. На наш погляд, суд наогул павінен быў спыніць разгляд гэтай справы.

Таму што на сённяшні дзень падставы для прыняцця рашэння аб прыпыненні нашай дзейнасці ў сувязі з непрадастаўленнем спісаў сябраў партыі няма, паколькі гэты спіс перададзены Мінюсту яшчэ 16 кастрычніка мінулага года.

Адпаведна няма ніякіх падстаў прыпыняць нашу дзейнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі