Суд не задаволіў скаргу датчаніна на дэпартацыю з Беларусі

Савецкі суд Гомеля 20 лютага адмовіў у задавальненні скаргі грамадзяніна Даніі Эрлінга Лаўрсена на яго дэпартацыю і забарону на ўезд у Беларусь.
7 лютага АУС Савецкага раёна Гомеля вынес пастанову аб дэпартацыі грамадзян Даніі Эрлінга Лаўрсена і Рольфа Бергена і забароне ім уезду ў Беларусь тэрмінам на год. У той дзень датчане прысутнічалі на набажэнстве ў царкве хрысціян поўнага Евангелля "Жывая вера" ў Гомелі. Пасля заканчэння набажэнства ў царкву ўвайшлі супрацоўнікі АУС Савецкага раёна і аддзела па грамадзянстве і міграцыі райаддзела, прапанавалі замежным грамадзянам прайсці ў аддзяленне міліцыі, дзе абвінавацілі ў распаўсюджванні ідэй рэлігійнага характару і арганізацыі рэлігійнай дзейнасці.

У інтэрв'ю БелаПАН Э.Лаўрсен паведаміў, што не займаўся арганізацыяй рэлігійнай дзейнасці, а толькі ўдзельнічаў у набажэнстве разам з вернікамі царквы, з якімі яго звязвае шматгадовае сяброўства. Э.Лаўрсен раней неаднаразова прыязджаў у Беларусь па гуманітарнай лініі. На гэты раз візіт насіў прыватны характар. 19 лютага Э.Лаўрсен пакінуў Беларусь, звярнуўшыся са скаргай у суд.

Першапачаткова суд перанакіраваў скаргу ў АУС Савецкага раёна "для ўстаранення недахопаў". 20 лютага на пасяджэнне суда па разглядзе скаргі быў запрошаны адвакат датчаніна Пётр Барысаў. Як паведаміў БелаПАН пастар царквы "Жывая вера" Дзмітрый Падлобка, суддзя Валерый Арнушкевіч не дазволіў прысутнічаць на разглядзе скаргі сведкам, дапусціўшы ў залу толькі адваката і начальніка аддзела па грамадзянстве і міграцыі АУС Савецкага раёна Андрэя Смалюгу. "Суддзя патлумачыў, што не мае патрэбы ў сведках. Пасяджэнне было вельмі кароткім: прыкладна за 10 хвілін скарга была разгледжана", — зазначыў Д.Падлобка.

Паводле яго слоў, грамадзянін Даніі будзе абскарджваць рашэнне раённага суда ў абласным. Інтарэсы Э.Лаўрсена будзе прадстаўляць П.Барысаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі