Суд не дазволіў Трампу аднавіць дзеянне антыміграцыйнага ўказа

Апеляцыйны суд у ЗША адхіліў запыт адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа неадкладна аднавіць дзеянне іміграцыйнага указу, які забараняе ўезд у краіну грамадзянам сямі пераважна мусульманскіх краін. Забарона не будзе працаваць, прынамсі, да канца разгляду пададзенай міністэрствам юстыцыі скаргі.

Суд таксама даў абодвум бакам тэрмін да вечара панядзелка падаць свае далейшыя аргументы.
Рашэнне прыпыніць дзеянне ўказу было прынята федэральным судом у Сіэтле 4 лютага. Суддзя растлумачыў, што ўказ не будзе мець сілы да таго часу, пакуль не будзе разгледжаны пазоў аб яго адмене, пададзены пракуратурай штата Вашынгтон. Яна сцвярджае, што міграцыйны ўказ супярэчыць канстытуцыі.

Міністэрства юстыцыі настойвае, што ўлады штатаў не могуць аспрэчваць прэзідэнцкія распараджэнні, а таксама ставіць пад сумнеў яго меркаванні адносна нацыянальнай бяспекі.

Як перадае New York Times, прадстаўнікі мінюста сцвярджаюць, што ў прэзідэнта ёсць поўнае права адмаўляць любы групе замежнікаў ва ўездзе ў краіну. Яны таксама лічаць, што распараджэнне Трамп не з’яўляецца дыскрымінацыяй па рэлігійнай прыкмеце, бо накіраванае на канкрэтныя краіны.

Адразу пасля рашэння суддзі ў Сіэтле амерыканскія візавыя органы пачалі аднаўляць візы, ануляваныя з-за новага ўказа. Усяго з моманту выдання ўказа былі ануляваныя каля 100 тысяч ужо выдадзеных амерыканскіх віз.

У Белым доме раней заявілі, што лічаць указ правамерным, мэтазгодным і накіраваным на абарону краіны і яе жыхароў.

Указ аб спыненні прыёму бежанцаў і выдачы візаў грамадзянам сямі дзяржаў, населеных пераважна мусульманамі, быў падпісаны прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам 27 студзеня.

Грамадзянам Судана, Йемена, Лівіі, Самалі, Ірака, Ірана і Сірыі на 90 дзён забаранілі ўезд у Злучаныя Штаты. Таксама быў спынены на нявызначаны тэрмін прыём сірыйскіх бежанцаў. Праграма прыёму бежанцаў з іншых краін замарожаная на 120 дзён.

Падпісанне дакумента прывяло да маштабных пратэстаў па ўсім свеце, паведамляе ВВС.