Суд над Валерыем Шчукіным выліўся у затрыманні і збіццё

Літаральна праз некалькі хвілінаў пасля таго, як у судзе Першамайскага раёну Віцебска пачаўся працэс над вядомым праваабаронцам і журналістам Валерыем Шчукіным, на ганку суда пачаліся затрыманні. Міліцыянтам не спадабалася, што некаторыя з маладых людзей і дзяўчат, якія прыехалі з розных гарадоў Беларусі падтрымаць Шчукіна, стаялі каля будынку суда з яго партрэтамі.

Нягледзячы на тое, што людзі стаялі моўчкі і не трымалі ніякіх транспарантаў, іх дзеянні палічылі несанкцыянаваным пікетам. Разганяць пікет міліцыянты пачалі жорстка. Людзей хапалі і гвалтам цягнулі у мікрааўтобус, па выглядзе і нумарах - цывільны. Некалькіх дзяўчат павалілі на зямлю.

Сярод тых, хто трымаў партрэты Шчукіна, былі Крысціна Шацікава і Вольга Карач. Дзевяцігадовага сына Шацікавай, які намагаўся абараніць яе ад міліцыянтаў, ударылі галавой аб той самы мікрааўтобус. Да хлопчыка прыйшлося выклікаць “Хуткую дапамогу”. Лекары канстатавалі у яго удар мяккіх тканак скроневай часткі галавы.

Пацярпелі яшчэ дзве непаўналетнія дзяўчыны. Іх таксама завезлі у лякарню і аказалі дапамогу, але ад шпіталізацыі яны адмовіліся.

У Першамайскі РАУС трапілі пяцёра моладзевых актывістаў, якія кінуліся абараняць дзяўчат. Жыхары Віцебску Аляксандар Дзеравянка і Андрэй Данілеўскі, Зьміцер Лесніковіч з Мінску, Генадзь Шарах і Алесь Круткін знаходзяцца у пастарунку. 7 чэрвеня хлопцаў чакае суд.

У пастарунак ледзьве не адвезлі і самога Валерыя Шчукіна, які падчас перапынку у судовым пасяджэнні кінуўся абараняць моладзь ад міліцыянтаў.

Судовае пасяджэнне па справе Шчукіна, якога абвінавачваюць у абразе членаў выбарчых камісій, распачалося а палове трэцяй, і доўжылася нават пасля заканчэння працоўнага дня. Суддзя Надзея Гур’ян вырашала большай часткай арганізацыйныя пытанні накшталт таго, ці дазволіць відэаздымку у зале.

Здымаць забаранілі - па просьбе пацярпелых. Яны ж, чацвёра членаў выбарчай камісіі, якіх нібыта абразіў у сваіх улётках спадар Шчукін, настойваюць на тым, каб працэс наогул быў закрытым. Мяркуючы па ўсім, судзіць Шчукіна будуць доўга. На 7 чэрвеня суддзя выклікала сведкаў.

Глядзіце фотарэпартаж з месца падзей тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі