Суд над Класкоўскай працягнецца 13 жніўня, ёй пагражае турма ці вар'ятня

Вольгу Класкоўскую затрымалі 30 сакавіка. Ужо больш за тры месяцы беларуска знаходзіцца за кратамі. Яе вінавацяць у замаху на забойства былога мужа Гёкана Безгіна. Класкоўская сваёй віны не прызнае, кажа пра правакацыю і фальшывыя паказанні Гёкана.

Як паведамляе Радыё Свабода, у другой палове дня 5 ліпеня суд заслухаў паказанні чатырох паліцыянтаў, якія былі на месцы здарэння, а таксама папярэднія вынікі псіхалагічнай экспертызы. Пракурор змяніў класіфікацыю абвінавачвання: з "замах на забойства" на "замах на забойства альбо нанясенне асабліва цяжкай шкоды здароўю".

Вынікі першапачатковай судова-псіхіятрычнай экспертызы вельмі істотна мяняюць сітуацыю ў гэтай справе. Прапануецца правесці больш абшырнае абследаванне псіхічнага стану Вольгі, як на час здарэння, так і ўвогуле. Гэта азначае, што гэта будзе ўплываць на рашэнне і вырак суду.



Суд ужо цяпер лічыць, што доказаў віны Класкоўскай дастаткова. Наступнае паседжанне прызначана на 13 жніўня. Суд вырашыў, што ўвесь гэты час Вольга будзе заставацца ў следчым ізалятары, паколькі ёсць вялікая рызыка, што беларуска будзе спрабаваць пакінуць краіну.

Вользе Класкоўскай пагражае да 8 гадоў зняволення, альбо нават прымусовае бестэрміновае псіхіятрычнае лячэнне.

Фота — svaboda.org