Суд над Баразенкам можа адбыцца да канца года

Крымінальная справа супраць Аляксандра Баразенкі перададзеная ў Цэнтральны суд Мінску. Моладзевага актывіста будуць судзіць за ўдзел у зімовай вулічнай акцыі прадпрымальнікаў. Па словах адваката Паўла Сапелкі, суд можа адбыцца да канца года.  Сапелка: На працягу двух тыдняў суддзя павінен вынесці пастанову аб прызначэнні справы да слухання, і тады будзе вызначаная дата працэсу. Я так мяркую, гэта не больш як праз месяц.

Што да меркаванага прысуду, то П.Сапелка спасылаецца на тое, што па справе ўжо былі вынесеныя два віды пакарання — штраф і абмежаванне волі. І хаця нават асуджаны на "хімію" па справе зімовых пратэстаў Андрэй Кім ужо выйшаў на волю, П.Сапелка лічыць малаверагодным апраўдальны прысуд.

Сапелка: Што датычыць памеру пакарання, то гэта будзе, я думаю, у тых самых памерах, што і астатнім — альбо штраф, альбо абмежаванне волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. З улікам таго, што Баразенка студэнт і яму было б няблага навучацца і далей, я думаю, што пакаранне будзе ў выглядзе штрафу.

Нагадаем, што Аляксандр Баразенка падчас следзтва знаходзіўся ў Польшчы, дзе навучаўся ва Ўроцлаўскім ўніверсітэце. 27 кастрычніка Аляксандр сам прыйшоў на допыт. У той самы дзень яго ўзялі пад арышт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі