Суд Лазаны разгледзіць пазоў Хацкевіча да Беларускай федэрацыі футбола

Суд Лазаны разгледзіць пазоў Хацкевіча да Беларускай федэрацыі футбола

Спартыўны арбітражны суд Лазаны (CAS) 19 верасня разгледзіць пазоў трэнера Аляксандра Хацкевіча да Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ), паведамляе sportarena.com.

Другое слуханне па гэтай справе намечанае на 17 кастрычніка. 

Афіцыйна сутнасць пазову Хацкевіча не агалошваецца. Між тым, раней у СМІ паведамлялася, што футбольны трэнер хоча абскардзіць сваё звальненне з нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе ён працаваў з 2014 па канец 2016 года.

У снежні 2016-га кіраўніцтва федэрацыі звольніла Хацкевіча. На адборачным турніры да чэмпіянату свету-2018 беларуская зборная пад яго кіраўніцтвам згуляла ўнічыю з Францыяй, прайграла Галандыі і Балгарыі ды падзяліла ачкі з Люксембургам. 

Кіраўніцтва АБФФ прапанавала Хацкевічу знізіць заробак за такія вынікі, аднак ён адмовіўся. Пасля гэтага з трэнерам скасавалі кантракт, разлічаны першапачаткова да лістапада 2017 года. 

Сам Хацкевіч лічыць, што яго кантракт скасаваны без паважнай прычыны, а таму яму належыць кампенсацыя за датэрміновае спыненне супрацоўніцтва.

Дарэчы, з чэрвеня 2017-га Аляксандр Хацкевіч з'яўляецца галоўным трэнерам кіеўскага "Дынама". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі