Суд апраўдаў апазіцыянераў і вырашыў пакараць міліцыянтаў

Ваўкавыскі раённы суд перагледзеў справу васьмі актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі і апраўдаў іх.
У дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі пратаколы, вынесена
прадстаўленне на імя начальніка Ваўкавыскага РАЎС з тым, каб ён
вырашыў, да якога віду адказнасці іх прыцягваць – крымінальнай або
адміністрацыйнай, перадае “Радыё Свабода”.

Актывісты апазіцыі былі
асуджаныя яшчэ два месяцы таму. Іх аштрафавалі за акцыю салідарнасці з
Мікалаем Аўтуховічам. Актывісты трымалі ў руках партрэты арыштаванага
прадпрымальніка.

Ніхто з удзельнікаў акцыі не прызнаў сябе вінаватым, а
ў абласным судзе прысуд адмянілі, бо стала вядома, што супрацоўнікі
міліцыі апытвалі сведак праз некалькі дзён пасля праведзенай акцыі і
ўпісвалі іх сведчання ў пратаколы, ужо падпісаныя затрыманымі.

У выніку
справу адправілі на перагляд.