"Стылістыка Кот-д'Івуара або Гаіці, аказваецца, прыдатная і для Беларусі"

Вінаградаў: Я думаю, што для Расіі падзеі ў Мінску ўсё ж такі сталі пэўнай нечаканасцю. Я не думаю, што маштаб рэпрэсій мог прадбачыцца і абмяркоўвацца беларускім лідарам. Магчыма, ён казаў пра нейкі агульны карт-бланш, але пра падобную жорсткасць наўрад ці гаварылася.
Зараз у Масквы ёсць досыць шмат намінальных аргументаў на карысць таго, каб выступіць на баку беларускага лідара.
1. Хаця можна спрачацца наконт адсоткаў, якія Лукашэнка атрымаў, але, хутчэй за ўсё, з ліку ўсіх кандыдатаў ён набраў найбольшую колькасць галасоў.
2. Нежаданне ствараць прэцэдэнт перагляду афіцыйных вынікаў выбараў, у тым ліку і для расійскай аўдыторыі.
3. Апошнія падзеі ў Мінску ставяць крыж на спробе дрэйфу Лукашэнкі ў бок Захаду, якую ён намагаўся пачаць пасля вайны Расіі і Грузіі ў жніўні 2008 года.
У той жа час аргументаў, каб дыстанцавацца ад Лукашэнкі, не так шмат. Расія фактычна прызналася ў адсутнасці інструментаў для прасоўвання свайго кандыдата на выбарах. Таму я думаю, што Расія фармальна прызнае вынікі выбараў, але не будзе неяк каментаваць вынікі выбараў у Беларусі і падзеі, што адбыліся пасля. Падобна таму, як яна не каментавала ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Туркменіі і цэлы шэраг іншых досыць спрэчных падзеяў на постсавецкай прасторы.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, у Расіі не чакалі таго, што адбылося ў Мінску пасля закрыцця ўчасткаў?
Вінаградаў: Я думаю, што, безумоўна, для Расіі з'яўляецца шокам жорсткасць, якая была ўжытая, а з іншага боку, Лукашэнка будзе выгадны як самы таталітарны і неадэкватны дыктатар на постсавецкай прасторы, на фоне якога адміністратыўны рэсурс, што выкарыстоўваецца ў Расіі часам на выбарах, будзе выглядаць, як дзіцячыя гульні і свавольствы. І заўсёды можна будзе казаць: мы ж не Лукашэнка, у нас жа лепей, чым у Лукашэнкі, чым у Карымава. Але наогул пэўнае неўразуменне ў сувязі з тым, што праводзяцца прэзідэнцкія выбары, на якіх арыштоўваюць усіх кандыдатаў, стылістыка Кот-д'Івуара або Гаіці, аказваецца, прыдатная для Беларусі, у Расіі гэта выглядае дзіўна.
Еўрарадыё: Да выбараў была сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева, пасля якой адносіны палепшалі. Зараз шмат якія эксперты кажуць, што менавіта гэта "развязала рукі" беларускаму лідару. Якая ж цана была за гэта заплачаная?
Вінаградаў: Сапраўды, сустрэча Мядзведзева і Лукашэнкі, пасля даволі малапаспяховых перамоваў Сідорскага і Пуціна, была пэўнай палітычнай сенсацыяй. Іншая рэч — тое, што складана казаць пра цану, якую Лукашэнка заплаціў. Проста з прычыны таго, што бы Лукашэнка ні абяцаў раней, усё ж такі ў беларускага лідара была рэпутацыя чалавека, які па рахунках не плаціць. Я цалкам дапускаю, што было пэўнае эмацыйнае збліжэнне. Мабыць, нейкія дамоўленасці па бізнесе, але ў цэлым усё адно ў Расіі няма гарантый прымушэння Лукашэнкі да выканання нейкіх бізнес-абавязацельстваў, калі іх нават і далі.
Еўрарадыё: Чаму ж тады пасля інфармацыйнай вайны Расія вырашыла яго прыняць і зараз, хутчэй за ўсё, прызнае выбары?
Вінаградаў: Было пэўнае тэставанне сцэнараў напярэдадні выбараў у Беларусі. У той жа час стала вядома, што ў Расіі няма асаблівых інструментаў уздзеяння на палітычную сітуацыю, і што тая эйфарыя, якая была пасля выбараў прэзідэнта Украіны і парламента Кіргізіі, — яна не вельмі распаўсюджваецца на Беларусь.
І, акрамя таго, зразумела, што ў недэмакратычнай краіне выкарыстанне дэмакратычных інстытуцый, такіх як выбары, для змены ўлады яно, мякка кажучы, ускладненае. Таму расійская эліта пераключылася на іншыя праблемы, на Лужкова і іншыя пытанні, а Лукашэнка апынуўся на перыферыі ўвагі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі