Вы тут

Ствараць нельга друкаваць: ці атрымаецца ў Беларусі дасягнуць ВУП у $100 млрд?

100 мільярдаў долараў! 

Крыху больш за год таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да 2025 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі павінен скласці $100 млрд. Міністр эканомікі Дзмітрый Круты, выступаючы 18 ліпеня на пленарным пасяджэнні VI Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, агучыў яшчэ больш крутую лічбу. На яго думку, за бліжэйшыя 4 гады магчымы рост ВУП Беларусі да $120 млрд.

У рэальнасці ВУП Беларусі за 2018 год склаў $59,7 млрд.

Адкуль чыноўнікі бяруць такія лічбы, што гэта значыць і ці будзем мы да 2025 года жыць у два разы лепш? Па адказы на гэтыя пытанні Еўрарадыё адправілася на прэзентацыю даследавання цэнтра ІСП "Мэта 100. Навошта Беларусі такі ВУП і чаму яго нельга надрукаваць".

 

“Павасямсот”

Валавы ўнутраны прадукт — гэта сумарны кошт усіх тавараў і паслуг, якія за год былі зроблены ва ўсіх галінах эканомікі на тэрыторыі дзяржавы. Гэты паказчык быў прапанаваны ў 1934 году Сайманам Кузняцом — выхадцам з Пінска, які ў 1920-х эміграваў у ЗША і ў 1971 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы.

ВУП — паказчык таго, наколькі развітая дзяржава. Яго можна палічыць у агульным, а можна падзяліць на колькасць людзей, якія жывуць у краіне. Тады атрымаецца ВУП на душу насельніцтва.

Дырэктар ІПМ Аляксандр Чубрык звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі заробкі павялічваюцца паралельна ВУП. Калі да 2025 года ВУП вырасце да $100 млрд., то сярэдні заробак беларусаў складзе прыкладна 800 долараў у месяц!

"Гэта добрая лічба, каб пераламаць міграцыйныя працэсы. Логіка такая: калі ў 2025 годзе ВУП складзе $100 млрд., беларусы больш горача палюбяць радзіму", — заўважае Чубрык.

Але ці магчыма дасягнуць гэтай лічбы? На думку спецыяліста, калі выказаць здагадку, што гадавая інфляцыя будзе 6% (цяпер 5,6%), а рубель на працягу 7 гадоў будзе абясцэньвацца да долара на 1% у сярэднім за год, то для таго, каб дасягнуць ВУП у $100 млрд., трэба расці ўсяго толькі на 2,6% у год. Гэта хутчэй, чым прагназуюць міжнародныя фінансавыя інстытуты. Але для краіны, якая яшчэ можа зарабіць прырост ВУП на павышэнні эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, лічба не выглядае недасяжнай.

Эканоміка развіваецца вельмі павольна

Для таго, каб Цэнтральны банк эфектыўна выконваў свае функцыі, вельмі важна, каб эканоміка развівалася ўстойліва і эфектыўна. Але зараз эканоміка Беларусі развіваецца вельмі марудна. Пра гэта на прэзентацыі даследавання казала начальнік упраўлення даследаванняў Нацыянальнага банка Беларусі Наталля Мірончык.

"Доўгатэрміновыя тэмпы росту эканомікі ўжо 7 гадоў не перавышаюць 0,2%, — адзначае спецыялістка. — Пры гэтым валацільнасць тэмпаў росту фактычнага ВУП за апошнія 4 гады ўзрасла. Асноўная прычына запаволеньня росту — нізкая эфектыўнасць працы пры захаванні ранейшых тэмпаў назапашвання капіталу.

На працягу 2004-2015 гадоў аддача ад інвестыцый няўхільна зніжалася. Але ў 2017-2018 гадах з'явіліся прыкметы павышэння эфектыўнасці працы і аддачы ад інвестыцый".

Ствараць нельга друкаваць

У беларускіх улад заўсёды ёсць выбар: павышаць ВУП штучна або натуральна. Інакш кажучы, друкаваць ці ствараць.

"У першым выпадку ВУП будзе расці, але нядоўга, — перакананы пазаштатны навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра ІПМ Міхаіл Дземідзенка— Паралельна пачнуць назапашвацца праблемы ў эканоміцы: з'явіцца дысбаланс у знешнім гандлі, на валютным рынку, будзе павялічвацца дзярждоўг, таму што нам трэба будзе неяк фінансаваць нашы гандлёвыя і валютныя дысбалансы. Натуральна, чакаецца дэфіцыт бюджэту, калі мы захочам прастымуляваць ўнутраныя інвестыцыі. Гэта ўсё акажа ціск на курс і на інфляцыю. Наступствы простыя — карэкціроўка. Рана ці позна праблемы давядзецца вырашаць, але мы страцім час, калі мы захочам павялічыць ВУП, проста надрукаваўшы грошы.

Вядома, калі не павялічваць грашовую масу, рост ВУП будзе ўмераным як мінімум у першы час. Прапарцыйна сціпламу росту ВУП будуць расці і зарплаты. Затое павялічыцца інвестыцыйная актыўнасць".

"Самае галоўнае, на што павінна зрабіць упор эканоміка, — гэта рост экспарту. Але не за кошт падтрымкі і стымулявання курсу, а за кошт таго, што мы навучымся рабіць тыя тавары, якія купляюць за мяжой, і іх будуць купляць у нас, — мяркуе эксперт. — Крытэрый таго, што мы пачынаем выходзіць на траекторыю ўстойлівага росту — менавіта тое, што будзе адбывацца з нашым экспартам".

Міхаіл Дземідзенка перакананы, што стабільна нізкая інфляцыя прывядзе да стабільна нізкіх працэнтных ставак, што прадугледжвае збалансаваны бюджэт, ўстойлівы дзярждоўг. Ён падкрэслівае, што ўстойлівае фінансаванне дзярждоўгу — неабходная ўмова для таго, каб прыцягваць знешняе фінансаванне пад разумную працэнтную стаўку.

"Балансуем эканоміку, праводзім структурныя рэформы, паляпшаем бізнес-клімат", — падсумоўвае эксперт.