Студэнтаў пазбавяць ільготаў, але падвысяць стыпендыі?

Еўрарадыё дазналася, што законапраект аб ільготах збіраюцца прыняць у двух чытаннях адразу. Гэта значыць, ніякіх правак у яго ўносіць не будуць. Калі з чарнобыльцамі і іншымі льготнікамі ўсё вырашана, то студэнты яшчэ не губляюць надзеі атрымаць нешта замест ільгот. Можа, таму што яны пратэставалі грамчэй за астатніх: выходзілі на “маршы зайцоў”, распраналіся перад Міністэрствам адукацыі і дасылалі дэпутатам паштоўкі.

У паштоўках студэнты пералічылі свае страты ад адмены льготаў у абеды, і атрымалася, што ў іх адбяруць цэлы месяц харчавання.

Студэнт: “Кошт ільготнага праязнога на метро, а таксама на аўтобус, тралейбус памнажаўся на 12 (месяцаў у годзе). Мінімальная сума страты гэта 301 320 рублёў. Прычым, гэта без уліку тых грошай, якія іншагароднія студэнты трацяць на паездку дадому.

Нават калі ты будзеш вельмі добра есці, напрыклад, на 10 тысячаў, гэта ўсё роўна ўжо трыццаць абедаў. На суму адмененых ільготаў цэлы месяц можна было харчавацца. Але студэнты харчуюцца танней, значыць, ільготаў хапае на даўжэй”.


Але ніхто з апытаных намі дэпутатаў у захаванне льгот не верыць. Яны цяпер вырашаюць, як і каму перанакіраваць грошы.

Дэпутат Аляксандр Гудкоў упэўнены, што моладзь не застанецца абсалютна абдзеленай. Але не выключае ён і таго, што пашанцаваць можа не ўсім.

Аляксандр Гудкоў: “Неабходна ўлічыць студэнтаў пры фармаванні бюджэту 2008 года ці ў нейкім іншым нарматыўна-прававым акце, каб студэнцкую моладзь не пакрыўдзіць. Гэта нашы дзеці, і пра іх трэба клапаціцца. Можа быць, як варыянт, мы дзецям з вёсак аплацім дарогу да бацькоў, напрыклад, раз на месяц. Можа, пакінем ільготы толькі на перыяд навучання. Ці падвысім стыпендыі”.

Дэпутат Вольга Абрамава ўпэўненая, што дапамогу студэнтам мусяць аказваць ВНУ.

Вольга Абрамава: “Я мяркую, што гэтае пытанне можа вырашыцца нават так: напрыклад, адміністрацыя канкрэтнай ВНУ прымае рашэнне вылучыць са сваіх сродкаў нейкі невялікі фонд для падтрымкі студэнтаў, якія маюць асаблівую патрэбу.

У савецкія часы так рабілася. Думаю, што хутчэй за ўсё татальнай ільготы не будзе. Дапамога будзе сапраўды адраснай. Для ўсіх студэнтаў зніжкі на праезд не захаваюцца”.


Тым часам прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі накіраваў у Палату прадстаўнікоў шэраг прапаноў на карысць студэнтаў. Ім пісьмова адказалі, што з іх пазіцыяй згодныя. Але, як высветлілася, дэпутаты не хочуць уносіць праўкі ў законапраект, а хочуць прыняць яго адразу ў двух чытаннях. Гаворыць намеснік старшыні прафсаюза Раман Дапіра.

Раман Дапіра: “Ці студэнтаў прыйдзецца вылучаць у асобную льготную катэгорыю і ўносіць змены ў законапраект, але яны, здаецца, хочуць за два дні прапусціць у абодвух чытаннях гэты законапраект. Ці прадугледжваць нейкія іншыя меры.

Ільгатаваць найменш абароненыя катэгорыі студэнтаў, як гэта робіцца ва Украіне і ў Расіі (там ільготныя праязныя распаўсюджваюцца праз прафкомы студэнтаў). Калі гэтая прапанова не будзе праходзіць, будзем прапаноўваць, каб адрасную сацыяльную дапамогу перавялі на ВНУ, каб не было розных бюракратычных затрымак.

Мы будзем прапаноўваць павелічэнне асігнаванняў надбавак да стыпендыяў і аказанне матэрыяльнай дапамогі”.


Калі законапраект насамрэч прымуць 23 траўня адразу ў двух чытаннях, ніякіх правак дэпутаты ўнесці не змогуць. Так, абмяркуюць толькі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі