Студэнт скраў 200 долараў, а адказваць давядзецца за 37 тысяч

"Высокатэхналагічныя" злачынствы прыйшлі і ў правінцыю. У Оршы распачата першая ў райцэнтры крымінальная справа па факце здзяйснення злачынства з дапамогай камп'ютарных тэхналогій. На лаве падсудных хутка павінен апынуцца малады праграміст аднаго з мясцовых прадпрыемстваў, студэнт-завочнік і аматар камп'ютарных гульняў. У віртуальнай прасторы хлопец адкрыў "Інтэрнэт-краму", ў якой прапанаваў пакупнікам бытавую тэхніку.

Халадзільнікі, кухонныя камбайны, пыласосы ды музычныя цэнтры ён абяцаў даставіць пакупнікам дахаты з умовай невялікай перадаплаты — 15-20 долараў. Сайт хутка стаў досыць папулярным, і хлопец паспяхова "гандляваў" на працягу года, пакуль ім не зацікавіліся міліцыянты. Вядома, ніякай бытавой тэхнікі на продаж у яго не было.

На сённяшні дзень даказана, што студэнт скраў у даверлівых пакупнікоў агулам 200 долараў. Але яго абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйных памерах — 37 тысяч долараў. Менавіта на такую суму, як падлічылі міліцыянты, было заяўлена на сайце віртуальных бытавых тавараў.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі