Страляніна ў Бельгіі, 16-гадовыя мэры на Мальце і тупыя жарты ў кіно — #ІхНоравы

Наш чарговы кароткі агляд міжнародных навін.

Наш чарговы кароткі агляд міжнародных навін. / Калаж Улада Рубанава

Пра тэракты ў еўрапейскіх сталіцах ад імя “Ісламскай дзяржавы” мы даўно не чулі, але расслабляцца аказалася зарана. У Бруселі з-за страляніны ў кавярні прыпынілі, а потым і скасавалі адборачны матч на Еўра-2024 паміж Бельгіяй і Швецыяй.

Але ёсць і прыемныя навіны. Вядомы кінадзеяч прызнаў, што шкадуе пра тупыя жарты пра жанчын у фільмах 20-гадовай даўніны. А Мальта хоча надаць непаўнагадовым вельмі адказныя палітычныя паўнамоцтвы. Пра што гаворыць свет, чытайце ў нашым кароткім аглядзе міжнародных навін “Іх норавы”.

У Бельгіі стралялі ў футбольных фанатаў

Паліцыя ў Бруселі застрэліла мужчыну, палюючы на меркаванага тэрарыста, які позна вечарам 16 кастрычніка забіў двух чалавек. Але бельгійская пракуратура пакуль не пацвердзіла, што паліцыя ліквідавала менавіта нападніка.

Чалавек, які быў застрэлены, верагодна, быў падазраваным і, магчыма, памёр па дарозе ў бальніцу, заявіла міністр унутраных спраў Бельгіі Анэліс Верліндэн. Знойдзеная ў яго зброя адпавядала той, што выкарыстоўвалася падчас нападу.

Тэракт адбыўся ў кавярні ў цэнтры сталіцы Еўрасаюза. Забітыя былі грамадзянамі Швецыі і былі апранутыя ў фанатскія цішоткі нацыянальнай зборнай. Яны рыхтаваліся наведаць матч Бельгія-Швецыя. Пасля здарэння гульню прыпынілі, хоць стадыён і знаходзіцца ў іншым раёне Бруселя.

На адным з відэа, апублікаваным у сацсетках, чалавек, падобны да нападніка, кажа па-арабску, што ён паплечнік “Ісламскай дзяржавы”, і згадвае шведаў як ахвяраў.

Яшчэ ў выніку нападу быў паранены таксіст, ён знаходзіцца ў шпіталі. Брусель увёў самы высокі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Францыя ў сваю чаргу ўзмацніла кантроль на мяжы з Бельгіяй. Еўракамісія адправіла супрацоўнікаў працаваць дома, школы і дзіцячыя цэнтры часова зачыненыя.

На Мальце ў 2024 могуць з’явіцца 16-гадовыя мэры

Гэтую ідэю абмяркоўвалі некалькі гадоў. І нягледзячы на тое, што ў яе дагэтуль шмат скептыкаў, урад распрацаваў змены ў заканадаўства, каб дазволіць 16 і 17-гадовым мальтыйцам станавіцца мэрамі і намеснікамі мэраў.

Зараз старэйшыя падлеткі могуць удзельнічаць у выбарах мясцовых дэпутатаў, але не могуць займаць пасаду мэра, нават калі атрымліваюць большасць галасоў. А такі прэцэдэнт у найноўшай гісторыі Мальты ўжо ёсць.

У 2019 годзе 17-гадовы Карлас Зарб быў абраны ў мясцовы савет, стаўшы самым маладым дэпутатам, і па колькасці галасоў заняў другое месца. Калі б ён быў старэйшы, ён мог бы сесці ў крэсла намесніка мэра! Але праз узрост так і застаўся шараговым дэпутатам. 

Страляніна ў Бельгіі, 16-гадовыя мэры на Мальце і тупыя жарты ў кіно — #ІхНоравы
Карлас Зарб стаў самым малодшым віцэ-мэрам на Мальце / Rosianne Cutajar

Папраўка ў закон прадугледжвае, што мэры да 18 гадоў змогуць не проста прымаць рашэнні, але і падпісваць дакументы, нават строгай справаздачнасці. Таксама яны будуць несці поўную юрыдычную адказнасць разам з сакратаром выканаўчага савета. Проста кажучы, і яны змогуць звяртацца ў суд ад імя савета, і гараджане змогуць з імі судзіцца.

Дэпутатаў Мальта абірае кожныя пяць гадоў. Найбліжэйшыя выбары мусяць адбыцца ў 2024 годзе. Калі законапраект ухваляць, то пасля іх на востраве могуць з’явіцца 16 і 17-гадовыя мэры. Бо тут дзяржава лічыць, што моладзь мае права і нават павінна ўдзельнічаць у палітыцы, заўважае Times of Malta.

Сцэнарыст “Дзённіка Брыджыт Джонс” прызнаў, што жанчыны ў кіно паказаны бязглузда

— Гэтыя жарты ўжо ня смешныя, — кажа 66-гадовы брытанскі сцэнарыст Рычард Кёрціс. Ён даў інтэрвью сваёй дачцэ Скарлет і выказаў шкадаванне, што ў фільмах кшталту “Рэальнае каханне” ці “Дзённік Брыджыт Джонс” жанчыны паказаны “бязглузда і няправільна”.

Напрыклад, Брыджыт Джонс знаходзіцца ў палоне навязлівых думак пра свой знешні выгляд, і нават кажа, што яе “азадак памерам з Бразілію”.

Таксама Кёрціс шкадуе, што ў фільме “Нотынг-Хіл”, былі толькі белыя героі — пры тым, што ў гэтым мястэчку літаральна нарадзіўся брытанскі рух за грамадзянскія правы цемнаскурых.

Ён прыйшоў да высновы, што яго фільмы за апошнія 20-25 гадоў састарэлі.

— Я памятаю, як я быў шакаваны пяць гадоў таму, калі Скарлет сказала мне: «Ты больш ніколі не можаш выкарыстоўваць слова «тоўсты». Нічога сабе, вы мелі рацыю. У маім пакаленні называць кагосьці пухлым было смешна, — тлумачыць Кёрціс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі