Straight Land: "Дыслакацыя ў Бабруйску павялічвае нашыя дасягненні ў прынцыпе"

Бабруйскі гурт Straight Land марыць запісаць лепшы на беларускай зямлі альбом, падштурхнуць сваіх слухачоў папаўняць слоўнікавы запас праз свае песні, задумвацца пра здаровы лад жыцця; выпускае інтэрнэт-лэйбл і шукае сябе паміж гроўлам і чыстым вакалам. Каманда ўжо шэсць год грае альтэрнатыўную музыку, выпусціла нават альбом у Канадзе і марыць у бліжэйшыя пяць рабіць тое ж тым жа складам. З вакалістам Straight Land Андрэем Русіным гутарыла Алена Акуліч.
"Дыслакацыя ў Бабруйску павялічвае нашыя дасягненні ў прынцыпе"

ЕРБ: Вашаму гурту ўжо 6 год. Што вы лічыце свамімі найбольшымі дасягненнямі?

Андрэй Русін: Дасягненнем можна лічыць ужо хаця б тое, што мы 6 год разам як каманда. Тэрытарыяльна мы месцімся ў Бабруйску, што павялічвае нашае дасягненне ў прынцыпе. За час нашага існавання мы ўмудрыліся выпусціць тры паўнавартасных альбомы, 2 сінглы, адзін з іх інтэрнэт-сінгл – яго ўжо паўгады можна спампаваць у сеціве. Апроч таго мы выпускаліся, напрыклад, у Канадзе, Тайландзе, але, зразумела, абмежаваным накладам.

ЕРБ: А што на конт апошніх дасягненняў? Вы літаральна нядаўна з'ездзілі ў Малдову...

А.Р.: Публіка прыняла нас здорава, аказалася адэкватнай, нягледзячы на ўжыванне віна...

ЕРБ: Публіка публікай, але вы ж там з зоркамі выступалі.

А.Р.: Там былі зоркі Brandon Ashley & The Silverbugs -глэм-рокеры з Італіі, з якімі мы спрабавалі размаўляць па-англійску...

ЕРБ: А яшчэ што-небудзь? Там былі і ўкраінскія зоркі Mental Demise.

А.Р.: Мы разам з імі знаходзіліся ў грымёрцы. Яны перад выступам паказвалі 30-хвілінную размінку – можна сказаць спартоўцы. Што тычыцца гуртоў з Малдовы – усё файна. Добрыя хлопцы. добрая музыка на прафесійным узроўні.

ЕРБ: А колькі народу прыйшло паглядзець на вас і не толькі?

А.Р.: Калі параўноўваць з аналагічнымі канцэртамі ў Беларусі, то крыху больш, каля 500 чалавек. Усе прыйшлі не папіць піва на ганку, а паслухаць музыку.

ЕРБ: А якім чынам яны адрываліся? Стэйдждайвінг? Хэдбэнджынг?

А.Р.: Усе пералічынаыя метады. І што вельмі запомнілася – адсутнасць міліцыянтаў. Адзіны няшчасны ахоўнік стаяў можна сказаць у эпіцэнтры і нават не справабаў нейкім чынам паўплываць.



У нас ёсць кліп, інтэрнэт-сінгл і мэнэджэр

ЕРБ: Вы ўжо даволі дарослыя людзі. Вам нават больш за 25. Што апроч музыкі ёсць ў вашым жыцці?

А.Р.: Я б нават сказаў – далёка за 25, набліжаецца да 30-ці. Апроч музыкі мы займаецца ўсім, пачынаючы ад збірання грыбоў, рыбалкі, заканчваючы... Вось хацеў сказаць заканчваючы спортам, але на спорт часу не асабліва хапае. Таму заканчваючы ўсім чым заўгодна, але выключаючы ўжыванне спіртовых напояў і іншых непрыемных рэчаў. У цэлым спрабуем рознабакова развівацца ў творчым плане.

ЕРБ: Але прафесіі ў вас абсалютна не творчыя.

А.Р.: Абсалютна не творчыя. Я працую ў офісе кіраўніком аддзела. Ніхто на працы не ведае, чым я займаюся, бо маглі б узнікнуць пытанні.

ЕРБ: Ёсць такая экстрымальная складанка Metallection. Калі вы ў асноўным спяваеце па-руску, як узнікла ідэя прыняць удзел ў выключна беларускамоўным праекце?

А.Р.: Пры стварэнні каманды мы спявалі выключна на англійскай мове. А ў 2003 годзе, я нават не памятаю, як гэта здарылася, на нас выйшлі каардынаты складанкі. Яны аднекуль узялі наш дыск, на якім была песня ні на якой мове, то бок інструменталка. Мяркуючы па ўсім, арганізатарам яна настолькі спадалася, што вырашылі ўключыць яе ў праект. Па гарачых слядах я напісаў тэкст на беларускай мове. На сёння мы ўжо удзельнічалі ў Metallection тры разы, і я лічу, што праект абсалютна сябе апраўдвае. Ён вельмі карысны для маладых і ня толькі каманд, бо гуртам, якія граюць альтэрнатыўную музыку вельмі сутыкаюцца з вялікімі праблемамі, каб хаця б толькі данесці сваю музыку да слухача.

ЕРБ: Ведаю, што ў вас нават кліп ёсць. Нашто альтэрнатыўнаму гурту з Бабруйску, які да таго ж спявае па-руску, кліп?

А.Р.: Можа быць гэта празмерна гучна сказана, бо мы лічым, што ў нас іх нават 3... Але, у прынцыпе, з нацягам адзін дакладна можна назваць кліпам, асабліва ўлічваючы той бюджэт, які мы ў яго ўклалі. Спярша мы хацелі папрыкалвацца і вырашылі дадаць яго ў наш сінгл, які хутка будзе выпушчаны. Апроч таго мы хацелі, каб усе ведалі, як мы выглядаем (усміхаецца). Але калі без жартаў, то проста хацелася мець кліп.

ЕРБ: Пра апошні ваш рэліз. Пра Інтэрнэт-сінгл. Дзе вы гэта падглядзелі?

А.Р.: Гэта прошукі нашага мэнэджэра, які дзесьці гэта ўбачыў. Асабіста я лічу, што ён прыдумаў гэта пасля выхада апошняга альбома Radiohead, які правёў такую цудоўную піяр-акцыю і падмануў мажорныя лэйблы і выйграў. А таму што ў нас няма мажорных лэйблаў, а дзеля таго, каб выпускаць паўнавартасныя альбомы патрэбны фінансавыя ўліванні, мы вырашылі, што на дадзены момант Інтэрнэт-сінгла будзе дастаткова.



2,5-тысячны наклад нашага першага альбому разышоўся цалкам

ЕРБ: Дарэчы пра вашыя выдадзеныя альбомы. Вы ведаеце, колькі іх набылі, якім быў іх лёс?

А.Р.: Наш першы альбом выпусцілі накладам 2.5 тысячы гомельская кампанія Music Violence Production. Яе тады ўзначальваў Віктар Лапіцкі, які зараз прадзюсіруе Сярогу. Усё было раздадзена, падарана, прададзена, напэўна. Што тычыцца астатніх рэлізаў, там былі ўжо больш сціплыя наклады і распаўсюджаваліся праз сеціва і нейкім ячшэ іншым андэграўндным чынам. Але ўсё тое, што было выдадзена, разыйшлося.

ЕРБ: Але выдавалі вы свае дыскі не столькі дзеля таго, каб зарабіць грошай, а больш з прома-мэтаў. Рэцэнзіі, водгукі... Што-небудзь цікавае пра сябе чыталі?

А.Р.: Як ні дзіўна, рэцэнзіі былі збольшага станоўчыя. Цьху-цьху-цьху, баюся насурочыць. Менавіта я лічу дасягненнем рэцэнзіі небезвядомага Алега Клімава, які славіцца бязлітасным стаўленнем да музычных калектываў, у тым ліку альтэрнатыўна-андэграўндных. На наш першы і апошні паўнафарматнік былі выключна пазітыўныя рэцэнзіі, што нас здзівіла, бо мы з ім асабіста не знаёмыя, і дыск перадавалі нават не мы самі. У Канадзе на наш другі альбом была рэцэнзія, у якой, як бы тое не гучала для нас жудасным, нас назвалі black metal.

ЕРБ: Але ваш black metal ім спадабаўся?

А.Р.: У цэлым – так. Прапаноўвалі набываць наш блэк у Канадзе ўсяго за 6 долараў.



Лірыку і канцэпцыю альбомаў мы бярэм з прачытаных кніжак і жыцця

ЕРБ: Прынята лічыць, што металісты не вельмі адукаваныя людзі. Вы ў сваіх тэкстах аперуеце такімі паняткамі як канцэпцыя, экзістэнцыя, мадэрнізм і г.д. Ці ёсць ў вас нейкая мастацкая адукацыя праз якую вы такімі рэчамі натхняецеся?

А.Р.: Сапраўды мы спрабуем устаўляць у тэксты абароты неўласцівыя цяжкім камандам. А што тычыцца лірыкі і канцэпцыі альбомаў, то мы іх бярэм з прачытаных кніжак, з жыцця.

ЕРБ: Але для большасці металістаў, якія пампуюць вашую музыку і ходзяць на канцэрты, гэтыя словы пададуцца незразумеламі і будуць адпужваць...

А.Р.: Мы пра гэта не думалі. Таму ў новы альбом я прапаную рабіць зноскі з тлумачэннямі і траскрыпцыямі. Зразумела, гэта жарт. Але я лічу, што нашая лірыка мусіць падштурхнуць людзей. якія не разумеюць нейкіх словаў, зазірнуць у слоўнік. Хаця слоўнікі зараз, напэўна, неактуальныя... Зазірнуць у гугл і даведацца, што ж гэта такое. Я думаю гэта можа стаць добрым штуршком да развіцця слоўнікавага запасу.

ЕРБ: А заахвоціць да straight age вы не імкнецеся праз свае тэксты?

А.Р.: Безумоўна. Напачатку гэта было нарожным камянём. Усе вельмі сувора падыйшлі – няікага алкаголю, ніякіх цыгарэт. Але з часам зразумелі, што ва ўсім трэба ведаць меру. Зараз 75% каманды не паліць. Таму зараз у мікрафон я хачу сказаць: давайце, рабяты, хаця б імкнуцца прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

ЕРБ: Я як вы ставіцеся да прадстаўнікоў іншых субкультураў, і як яны ставяцца да вас?

А.Р.: Да астатніх прадстаўнікоў субкультур мы ставімся лаяльна. Выключаючы хіба што зусім радыкальныя і дэструктыўныя. Але ў нас у горадзе існуе меркаванне, што мы не тру. Мы спакойна гэта ўспрымаем, бо дарослыя людзі. А вось на адным з канцэртаў у Магілёве быў дзіўны інцыдэнт з дзяўчынкай, як гэта зараз прынята называць, эма. Пасля канцэрту яна падыйшла да нашага банэру і пачала пляваць. Але на трэцім пляўку яе схапілі ахоўнікі і вывялі. Я цяпер думаю, як жа мы так і ў чым правініліся перад дзяўчынкай? Бо мы пры стварэнні кампазіцыі не арыентуемся на нейкі пэўны стыль: не каўбасім тупа дэз ці блэк, а спрабуем эксперыментаваць? Ёсць элементы таго ж эма... Але што такое эма разважаць можна вельмі доўга. Можна, KORN і Deftones называць эма, але на маю думку ўсё гэта пытанне іміджу ў першую чаргу.

ЕРБ: Ваш стыль прадугеджвае традыцыйны цяжкі спеў-рык (гроўл) і так званы чысты спеў. З цягам часу чаго стала больш, чаго менш і куды наогул вы рухаецеся ў музычным плане?

А.Р.: З цягам часу так і не быў дасягнуты парытэт паміж чыстым вакалам і гроўлам. У выключна дэз нам не вельмі цікава ўкладвацца. Хочацца і чыстым вакалам паспяваць. Мне нават на 23 лютага пажадалі, каб я заспяваў чалавечым голасам (усміхаецца). А да чаго мы імкнемся? Мы імкнемся найперш да якасці. Але можна, канешне, спрачацца, наколькі той жа гроўлінг з'яляецца якасным вакалам.

ЕРБ: Але без тэхнікі тым жа гроўлам не праспяваеш.

А.Р.: Так. Тут ёсць яшэ адзін момант – трэба быць добрым спартоўцам, бо той, хто паліць, гроўлінгам спяваць не зможа.

ЕРБ: А што трэба, каб быць добрым бубначом? Вы яго доўга шукалі і ў рэшце рэшт знайшлі.




А.Р.: У нашым горадзе знайсці бубнача вельмі скаладана, бо ў нас наогул дэфіцыт музыкаў. Мы доўга ішлі да таго, каб у нас, у Straight land з'явіўся жывы бубнач. Зараз мы узялі Дзіму – добрага музыку і файнага чалавека.

ЕРБ: На гэтай радаснай ноце будзем заканчваць. Вашыя планы на месяц, бягучы год, пяцігодку?

А.Р.: Нашыя планы на месяц зрабіць новую праграму з жывым бубначом, завяршыць наш інтэнэт-Сінгл. У наступным годзе з новай праграмай аб'едзіць як мага больш гарадоў і краінаў.

ЕРБ: Якія-небудзь канкрэтныя прапановы ёсць?

А.Р.: Пакуль гэта няхай будзе сакрэтам. А то мне мэнджэр пасля галаву адкруціць.

ЕРБ: Ну хаця б скажыце, не толькі Беларусь?

А.Р.: Будзе заезд на Украіну, у суседнія краіны, магчыма нават Еўропу.

ЕРБ: Пяцігодку?

А.Р.: Застацца гуртом у тым складзе, як мы ёсць зараз. Застацца людзьмі і выпусціць цудоўны альбом, які ўвойдзе ў гісторыю, як лепшы альбом, запісаны на беларускай зямлі.



Фота: з афіцыйнай старонкі гурта
Афіцыйная старонка гурта: http://www.straightland.com
Старонка гурта на MySpace.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі