Стартавалі са скандалам: Апазіцыя спрабуе абраць “адзінага” ўвесну

“На нашу думку, можна казаць, што зроблены вялікі крок наперад. На сённяшні момант дасягнутая згода па працэдуры выбараў адзінага кандыдата сярод пяці ўдзельнікаў з сямі. На дадзены момант пяць удзельнікаў ужо падпісалі дакумент”, — бадзёра пачынае прэс-канферэнцыю лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

А прэс-канферэнцыя, мякка кажучы, незвычайная. Журналістаў на яе збіраюць за паўгадзіны да пачатку, прадстаўніка БХД Паўла Севярынца там няма праз “пільныя справы”, падрабязны рэгламент выбараў удзельнікаў будучага Кангрэсу журналістам абяцаюць даць “праз нейкі час”.

Акрамя Янукевіча перад журналістамі — сацыял-дэмакратка Ірына Вештард, Андрэй Дзмітрыеў з “Гавары праўду” ды Юрась Губарэвіч з руху “За Свабоду”. Усе выказваюць моцныя надзеі на тое, што да канца месяца дакумент падпішуць былыя камуністы са “Справядлівага свету” і, магчыма, нават Анатоль Лябедзька з АГП. Аднак апошні ў каментарыі Еўрарадыё такую магчымасць абвяргае. Кажа, што ўсё гэта гульні ўдзельнікаў “Народнага рэферэндуму”, а не дэмакратычнай апазіцыі агулам.

“Там подпіс прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі і не мог з’явіцца. Бо ўсю гэтую працэдуру мы разглядаем як вылучэнне прэтэндэнта ад “Народнага рэферэндуму”. Мы не з’яўляемся ўдзельнікам гэтай структуры і таму ўдзельнічаць у гэтым не можам”.

А далей увогуле цуды. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, чый подпіс пад “Пагадненнем” так радасна дэманстравалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, расказвае Еўрарадыё, што паводле папярэдняй дамоўленасці, абвясціць аб працэдуры правядзення Кангрэсу павінны былі толькі 1 снежня. Пасля таго, як Калякін з паплечнікамі вызначацца. І таму паводзіны Янукевіча, Губарэвіча, Вештард і Дзмітрыева можна назваць некарэктнымі.

“Сітуацыя выглядае такім чынам: сёння пяць структур падпісалі магчымую, падкрэслю, магчымую працэдуру, па якой можа прайсці Кангрэс дэмсіл. Дамовіліся, што паколькі ў нас рашэнне прымаецца па схеме кансэнсус мінус адзін, то бок шэсць подпісаў, а не пяць, будзем чакаць да першага снежня. Пакуль спадар Лябедзька, альбо спадар Калякін не прымуць рашэнне. Да гэтага часу нічога не рэалізоўваецца і не публікуецца. Тое, што шаноўныя спадары вырашылі ўсё гэта апублікаваць, я лічу не зусім карэктным”, — гаворыць Павел Севярынец.

Таксама абяцае ў хуткім часе абмеркаваць сітуацыю з паплечнікамі па БХД. І яшчэ не вядома, чым гэтае абмеркаванне скончыцца.

Аляксей Янукевіч тлумачыць прычыну скадалу праз дзве гадзіны пасля “прэсухі” допісам у Фэйсбуку. “Абрыдлую цягамоціну з абмеркаваннем працэдуры трэба было заканчваць ды прыспешваць прыняцце рашэння радыкальнымі крокамі… Цяпер справа за АГП і Справядлівым светам”, — напісаў ён.

Спіс падпісантаў, АГП не пазначаная нават тэарэтычна.

Ці скончыцца цягамоціна, убачым 30 лістапада. У гэты дзень Сяргей Калякін са сваім “Справядлівым светам” павінен вызначыцца, з кім і як будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі