Старшыня КДБ: няпросты перыяд у Беларусі будзе да 2022 года

Старшыня КДБ: няпросты перыяд у Беларусі будзе да 2022 года

Старшыня КДБ Беларусі генерал-лейтэнант Іван Церцель 17 снежня сустрэўся з працоўнымі "Гродна Азота". Гаворка ішла не толькі пра падзеі на прадпрыемстве, але і пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, паведаміла газета "Гродненский химик". А "Наша ніва" атрымала аўдыёзапіс сустрэчы і прыводзіць шэраг цытат з выступу Церцеля. Ён распавёў прысутным, што падобныя сустрэчы праводзяцца на патрабаванне кіраўніка дзяржавы і прапанаваў "задаваць любыя пытанні".

"Грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне няпростая, — гаварыў генерал КДБ. — ... Мы рыхтаваліся да гэтага. У прынцыпе, усё так і выйшла". З яго слоў вынікае, што адна з прычынаў — "геапалітычны перападзел свету", а Беларусь апынулася ў самым цэнтры падзей. "Хто будзе кантраляваць Беларусь, той будзе дамінаваць у рэгіёне", — заявіў ён. Іншыя прычыны — пандэмія каранавіруса і праблемы ў эканоміцы.

"У нас быў рэалізаваны жорсткі сцэнар "каляровай рэвалюцыі", да якога мы былі гатовыя, — працягвае Іван Церцель. — ...Мы рыхтаваліся нават да замежнай інтэрвенцыі, прыкрытай гуманітарнымі мэтамі. Рыхтуемся і цяпер". Паводле яго слоў, улада прайграе інфармацыйную прастору — "моладзь у асноўным глядзіць, на жаль, інтэрнэт". Генерал супакойваў прысутных: "У перспектыве ўсё будзе добра". Пры гэтым прызнае, што на перамовах з Расіяй аб змяншэнні коштаў на газ "не ўсё так проста".

"Мы рыхтуемся да вясны, ведаем, як будзе развівацца сітуацыя, дзейнічаць будзем жорстка, — заявіў на "Гродна-Азоце" старшыня КДБ. — Справядліва, але жорстка. Будзем рыхтавацца да гарачай вайны, не выключаем і такога варыянту пад відам гуманітарнай місіі".

Церцель падкрэсліў, што "гэты няпросты перыяд будзе 1,5-2 года". Гэта значыць, што да 2022-га.

Таксама генерал згадаў затрыманага Мікалая Аўтуховіча, у якога нібыта знайшлі склад зброі. Па словах Церцеля, затрыманы і праваднік, які нелегальна яго вадзіў праз мяжу ва Украіну. А на словы Івана Церцеля пра загінулага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага ўся зала сказала "Няпраўда!". Так што гутарка ў старшыні КДБ была няпростая — пытанні гучалі выключна крытычныя, а рэакцыя людзей была рэзкая. Апладысменты прагучалі толькі аднойчы. Цалкам падборку цытат можна пабачыць на сайце nn.by.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі