Вы тут

Старшыня калегіі адвакатаў: магчыма, некаторыя маюць намер пакінуць адвакатуру

Віктар Чайчыц / sb.by

Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц выступіў са зваротам да калег. Ён перасцярог адвакатаў ад заяваў, што "дрэнна працуе ўся сістэма", калі парушэнне дапусціў хтосьці з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Кіраўнік калегіі заклікаў іх "не паддавацца на правакацыі".

101 адвакат падпісаў зварот на імя Чайчыца, у якім паведамляецца, што ў Беларусі парушаецца права на абарону. Адвакаты кажуць, што не могуць трапіць да кліентаў. Прычым гэтая праблема абвастрылася падчас выбарчай кампаніі і масавых затрыманняў.

Старшыня Калегіі Віктар Чайчыц у каментары TUT.by паведаміў, што ён звяртаўся для вырашэння гэтай праблемы ад імя Калегіі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі і да начальніка ГУУС Мінгарвыканкама.Аднак, як даведаліся журналісты, ні ў ЦІП, ні ў ІЧУ на Акрэсціна адвакаты па-ранейшаму трапіць не могуць. Нядопуск абаронцаў там тлумачаць каранавірусам.

Чайчыц у звароце да калег распавёў, што накіраваў Генеральнаму пракурору і старшыні Следчага камітэта звароты з просьбай абмежаваць такую меру, як заключэнне пад варту, у сувязі з пандэміяй каранавіруса. 

Разам з тым старшыня Калегіі перасцярог адвакатаў: "Магчыма, некаторыя адвакаты маюць намер пакінуць адвакатуру, таму дазваляюць сабе паводзіць сябе непрафесійна, не задумваючыся пра тое, што іх учынкі негатыўна адаб'юцца на іміджы калег і адвакатуры ў цэлым. У сувязі з гэтым просім вас не паддавацца на правакацыі, не прытрымлівацца іх прыкладу і ў любой сітуацыі дзейнічаць у адпаведнасці з законам і правіламі прафесійнай этыкі адваката".

Таксама Чайчыц заявіў, што адвакатам "недапушчальна заяўляць, напрыклад, пра тое, што калі хтосьці з супрацоўнікаў праваахоўных органаў дапусціў парушэнне, то дрэнна працуе "ўся сістэма".

Дарэчы, у 2011 годзе шэраг адвакатаў, якія абаранялі ўдзельнікаў Плошчы-2010 былі пазбаўленыя ліцэнзіяў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.