Старшыня АБСЕ сустрэўся з апазіцыяй і праўладнымі партыямі

Дзейны старшыня Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе міністр замежных спраў Казахстана Канат Саўдабаеў сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў ды палітычных партый: як апазіцыйных, так і лаяльных да ўлады. Па словах Віталя Рымашэўскага, сустаршыні Аргкамітэта па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", асноўны тэзіс праўладных партый і арганізацыі быў адназначны і кароткі.

Віталь Рымашэўскі: “Гэты тэзіс такі: у Беларусі ўсё добра, нязгодныя з Лукашэнкам — некалькі чалавек, маргіналы. Быццам у Беларусі дэмакратыя, а ўсе астатнія займаюцца паклёпам на нашу краіну”.

Са свайго боку, прадстаўнікі апазіцыйных партый і незалежных арганізацый даводзілі, што ў Беларусі практычна няма незалежных прафсаюзаў, маюцца палітзняволеныя, а выбары фальсіфікуюцца.

Апрача прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, “Белай Русі” ды Саюза Афіцэраў на сустрэчы былі прадстаўленыя праўладныя партыі, назвы якіх Віталь Рымашэўскі “пачуў упершыню за тым сталом”.

Пазіцыя старшыні АБСЕ досыць канструктыўная, лічыць Віталь Рымашэўскі, і выразіць яе можна наступным чынам: “Мы б хацелі бачыць увесь зрэз беларускага грамадства. Каб вы камунікавалі паміж сабой і ў краіне развіваліся дэмакратычныя працэсы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі