Блогера Уладзіслава Чаховіча, які вёў тг-канал "Спадчына", затрымалі за... агляды архітэктуры. Гэта вынікае з каментара ГУБАЗіКа.
"Пад выглядам аглядаў архітэктуры прасоўваў пратэсна-дэструктыўны парадак дня", — так пракаментавалі сілавікі ягонае затрыманне.
Таксама яны заявілі, што Чаховіч удзельнічаў у акцыях пратэсту, рабіў рэпосты з "экстрэмісцкіх рэсурсаў", публікаваў БЧБ-сімволіку і заклікі да парушэння закона. Паводле сілавікоў, блогер нібыта пакінуў больш за тры тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў у публічных чатах.
Пра затрыманне Чаховіча стала вядома 26 снежня. Уладзіслаў не толькі адмін тг-канала "Спадчына", але і рэдактар Вікіпедыі.
Дарэчы, гэта не першае затрыманне адміна гістарычнага інтэрнэт-рэсурсу. Раней сілавікі затрымалі Мікіту Слепянка, які адміністраваў культурніцка-гістарычны тэлеграм-канал Rezystans. Пасля затрымання хлопца гэты канал прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".