Вы тут

Стала вядома, хто прадставіць Беларусь на інаўгурацыі Байдэна

Дзмітрый Басік / export.by

Стала вядома, хто прадставіць Беларусь на інаўгурацыі амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, якая пройдзе 20 студзеня (пачатак а 20-й гадзіне паводле беларускага часу). Гэта — Дзмітрый Басік, часовы павераны ў справах Беларусі ў Злучаных Штатах, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адказваючы на пытанне TUT.by, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў, што запрашэнне амерыканскага боку было атрымана і прынятае.

Дачыненні Беларусі і ЗША паляпшаліся ў апошнія гады, пра што неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Аднак прэзідэнцкія выбары жніўня 2020-га, масавыя затрыманні пратэстоўцаў, арышт амерыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава перакрэслілі ўсё гэта. У канцы мінулага года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў Акт аб дэмакратыі для Беларусі. Ён уключае ў сябе заклік да новых выбараў у нашай краіне, прызнанне Каардынацыйнай рады законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады. У МЗС Беларусі Акт аб дэмакратыі назвалі непрыязным крокам і непрыхаваным умяшаннем у справы нашай краіны.

Беларусь і ЗША яшчэ летась збіраліся абмяняцца амбасадарамі. Аднак спачатку ўвесь пазітыў перакрэслілі падзеі лета-восені 2020-га, а пасля памёр 49-гадовы Алег Краўчанка, якога летам прызначылі амбасадарам у Злучаных Штатах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.