Спявачка Ірына Дарафеева таксама ідзе на выбары

Заслужаная артыстка Беларусі, эстрадная спявачка Ірына Дарафеева ідзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Яе ініцыятыўная група збірае подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты.

У інтэрв’ю naviny.by Дарафеева сказала, што пакуль не мае канкрэтнай перадвыбарчай праграмы і будзе яе распрацоўваць пасля таго, як подпісы за яе вылучэнне будуць сабраныя. Але мэтай удзелу ў парламенцкай кампаніі яна называе жаданне “нешта змяніць і ў сваім жыцці, і ў жыцці краіны”.

Спявачка выказалася пра выступ IVAN’а на Еўрабачанні. Па яе словах, яна “не пад уражаннем”. На думку Дарафеевай, праблемай Беларусі стала тое, што на гэты конкурс накіроўваюць людзей, якія могуць карыстацца падтрымкай інвестараў. А калі б фінансаванне ішло за кошт бюджэту, то адбор быў бы больш старанным.

Ірына Дарафеева вельмі станоўча ацэньвае нядаўна праведзенае ў Мінску свята вышыванкі і прызнаецца, што мае ў сваім гардэробе шмат такіх сарочак. Таксама спявачка выступае за тое, каб на радыё і тэлебачанні зноў вярнулі палажэнне пра абавязковыя 75% беларускай музыкі. Паводле яе меркавання, гэта дасць штуршок для развіцця айчынным выканаўцам.