Справаздача Палецкіса прынятая. "Паляпшэнне з правамі чалавека" з яе знікла

Камітэт па замежных справах Еўрапарламента ўхваліў справаздачу Юстаса Палецкіса па сітуацыі ў Беларусі. За прыняцце дакладу выказаліся 55 еўрадэпутатаў, супраць — адзін, пяцёра ўстрымаліся.

"Думаў, што мяне ці наўрад падтрымаюць калегі, а калі падтрымаюць, то малаважнай большасцю ў тым, што трэба выкарыстоўваць шанец аднаўлення дыялогу з Беларуссю, калі палітычныя зняволеныя будуць адпушчаныя", — пракаментаваў БелаПАН вынікі галасавання Юстас Палецкіс. Перад галасаваннем ён прапанаваў паіменна пералічыць беларускіх палітвязняў у справаздачы.

Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны па выніках візіту Палецкіса ў Мінск 18—21 сакавіка. Абмеркаванне дакумента ў камітэце па замежных справах у першым чытанні 30 траўня выклікала, па словах Палецкіса, "эмацыйную дыскусію".

Неадназначна адрэагавалі на дакумент і ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі абурыліся тым, што ў дакладзе сказана пра “паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека" у краіне ў 2012 году. Палецкіс, у сваю чаргу, сцвярджаў, што такая выснова ён зрабіў на падставе інфармацыі ад беларускіх праваабаронцаў.

Разам з тым дакладчык прызнаў, што ўжыў няўдалую фармулёўку. У выніковым тэксце гаворыцца пра “цяжкае становішча з правамі чалавека”.

"Тэзіс пра тое, што змянілася сітуацыя з правамі чалавека, перафармуляваная цалкам. Зараз гаворыцца пра цяжкае становішча з правамі чалавека. Але адначасова цытуецца, па статыстыцы праваабарончага цэнтра "Вясна", што колькасць асуджаных па палітычных матывах паменшылася. Але зараз тлумачыцца, што гэтыя лічбы — вынік атмасферы запалохвання і рэпрэсій", — прыводзіць словы Юстаса Палецкіса “Радыё “Свабода”.

Тэкст ухваленага дакладу будзе апублікаваны ў канцы цяперашняга — пачатку наступнага тыдня на сайце Еўрапарламента. Дакумент прызначаны для Еўракамісіі, Савета ЕС і Службы вонкавых дзеянняў Еўракамісіі. Ён будзе вынесены на разгляд пленарнай сесіі Еўрапарламента ў верасні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі