Справай папсаванага аўтамабіля Цярэшчанкі зоймецца КДБ

Шукаць злачынцаў, якія папсавалі аўтамабіль кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі, будуць супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам кандыдат. Цярэшчанка: “З улікам таго, што МУС гэтым займацца не будзе, Камітэт дзяржбяспекі, дзесьці да 16 гадзінаў прыблізна, адтуль прыедуць і будуць весці працу. Гэта ж іх – гэта дзяржаўнае пытанне. Я ж як кандыдат абаронены законам”.

Як распавёў Еўрарадыё Віктар Цярэшчанка, ён адправіў на тэхагляд свой аўтамабіль Додж “Караван”. І падчас агляду высветлілася, што ў аўто былі папсаваныя тармазная сістэма і падушкі бяспекі. Па словах палітыка, ён не лічыць, што гэта маглі зрабіць спецслужбы. Найхутчэй, кажа, хтосьці з яго апанентаў.

Цярэшчанка: “Я не думаю, што гэта спецслужбы. Я думаю, што камусьці я перашкаджаю, вось і ўсё. Спецслужбы маглі зрабіць у дачыненні да Кастусёва ці Саннікава. Ну, гэта я так думаю, я ж сумленны чалавек, што я яшчэ магу сказаць... Але не расцэньвайце, што я нешта кажу на адрас кандыдатаў у прэзідэнты. Я проста не магу дакладна сказаць, хто гэта зрабіў”.

Па словах Цярэшчанкі, гэта здарэнне не прымусць яго зняцца з выбараў. Але калі такое будзе працягвацца і надалей, то ён не выключае магчымасці свайго сыходу з прэзідэнцкай гонкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі