Спіс “невыязных” з Беларусі – гатовы

Чыноўнікі запэўніваюць, што парламент паспее адмяніць дазвольны штамп да канца сесіі, а ў АВІРах вярнуць грошы за пячатку не абяцаюць.
Месяц таму МУС Беларусі ацэньваў шансы адмены пячаткі з Новага года 50/50, а ў пашпартна-візавых службах раілі працягваць дазвольны штамп яшчэ на год. Сёння намеснік начальніка дэпартамэнта па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун сцвярджае, што ў наступным годзе дазвольнага штампа не будзе.

Па-першае, кажа Аляксей Бягун, спіс асобаў, якім забаронена выязджаць за мяжу, гатовы:

“Спіс ужо гатовы, у МУСе яго ўжо падрыхтавалі, але для таго, каб карыстацца ім на пункце пропуску, патрэбна адпаведнае палажэнне”.

Па-другое, гатовы і адпаведны ўказ прэзідэнта. Аднак разам з указам трэба змяніць і Закон “Пра парадак уезду ў Рэспубліку Беларусь і выезду з Рэспублікі Беларусь”. Чыноўнік кажа, што праект закону гатовы таксама, засталося толькі ўнесці яго ў парламент:

“Праект закону ўжо падрыхтаваны, ён ужо гатовы да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Так, пакуль мы яшчэ туды яго не ўнеслі, але адпаведнае рашэнне ўжо падрыхтавалі”.

У палату прадстаўнікоў Закон яшчэ не паступаў, дэпутаты не ведаюць нават, якая камісія будзе яго разглядаць. Загадчык аддзела па забеспячэнні дзейнасці пастаяннай камісіі па міжнародных справах Аляксандр Капцэвіч кажа, што пытанне адмены штампа – у кампетэнцыі камісіі па правах чалавека:

“Гэта Закон Камісіі па правах чалавека, але яго проста няма ў Палаце прадстаўнікоў, ён сюды не паступаў…”

У камісіі ж па правах чалавека пацвердзілі, што не маюць законапраекту на руках, але адзначылі, што не факт, што менавіта яны будуць яго разглядаць:

“Такога законапраекту ў нашай камісіі няма. Увогуле, куды ён патрапіць – гэта вырашае кіраўніцтва, не абавязкова ён патрапіць у нашу камісію”.

Тым часам да заканчэння восеньскай сесіі парламента засталося зусім няшмат – сесія працягнецца да 20 снежня, а ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў кажуць, што ў бліжэйшы тыдзень разглядаць пытанне не будуць:

“Нам даюць спіс пытанняў на наступны тыдзень, пакуль што нічога такога няма…”

Слуханні па прыняцці праекта бюджэту на наступны год пакуль таксама не пачыналіся, а ён павінен прымацца ў двух чытаннях. Ці паспеюць прыняць папраўкі ў Закон да заканчэння сесіі?

Аляксей Бягун запэўніў Еўрарадыё, што шмат часу гэта не зойме і закон будзе прыняты ў гэту сесію:

“Вядома, у гэту сесію! Я думаю, што Палата прадстаўнікоў прыме яго ў двух чытаннях”.

Памежнікі таксама кажуць, што ўсё, што залежыць ад іх, будзе зроблена да канца года:

“Мы адпаведным чынам цяпер абсталёўваем пункты пропуску. Тое, што залежыць ад нас, будзе зроблена да 31 снежня”.

А супрацоўнікі АВІРа не гарантуюць вяртанне грошай за пячатку ў выпадку, калі яна стане ўсё ж такі непатрэбнай:

“Не думаю, што нехта будзе займацца праблемай аднаго чалавека і сумай грошай у памеры 30 тысяч. Чалавек мусіць сам прыняць рашэнне: гатовы ён падараваць гэтыя грошы дзяржаве ці не?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі