Вы тут

Speаk Dating на балгарскай ці дацкай: у Мінску адзначылі Дзень еўрапейскіх моў

Еўрарадыё

26 верасня Нацыянальная бібліятэка літаральна гудзе на розныя лады. Паўсюль чуецца нямецкая, вянгерская, французская, беларуская, англійская, шведская, дацкая, балгарская мовы. Упершыню разам з усім светам у Беларусі адзначаюць Дзень еўрапейскіх моў. Прадстаўнікі культурных інстытутаў і амбасадаў краін Еўрасаюза ладзяць Speаk Dating з аматарамі паразмаўляць. І такіх аматараў — натоўп: 200 бланкаў з шасцю пустымі акенцамі, якія пасля моўнага спаткання закрываюцца прыгожымі налепкамі, разыходзяцца за першыя паўгадзіны івэнту. Далей пяціхвілінныя сустрэчы з носьбітамі пятнаццаці еўрапейскіх моў адбываюцца без налепак, але з імпэтам, падарункамі і ўсмешкамі.

— Мы валодаем рускай, беларускай, англійскай, — пералічваюць студэнткі БНТУ. — Прыйшлі сюды, каб папрактыкавацца ў размоўнай англійскай мове, таму што нам сказалі, што тут ёсць носьбіты мовы. А таксама пазнаёміцца з людзьмі з іншых краін, даведацца пра іх культуру і характар.

— Натуральна, што мовы вучыць трэба, у сучасным свеце гэта неабходна. Тым больш пры ўладкаванні на любую працу патрэбна мова.

— У нас ва ўніверсітэце вельмі высокі ўзровень выкладання аглійскай, развіваюць менавіта размоўную мову, таму за мінулы год мы яе добра падцягнулі.

Гутаркі з носьбітамі моў залежаць ад валодання той ці іншай мовай “суразмоўцы”. На швецкім стэндзе дзяўчаты на прыкладзе пальчыкавых цацак распавядаюць дзецям пра назвы жывёлаў. Побач на літоўскім стэндзе дзяўчына спрабуе вывучыць суседскае “дзякуй” — Ačiū. Падсеўшы да польскага стэнду можна пагутарыць з прыемнай пані з Польскага інстытуту пра характар палякаў, да габрэйскага — спрычыніцца да незвычайнага алфавіту, французскага — атрымаць круасан. А літаратар Глеб Лабадзенка, адказны за беларускі стэнд, дорыць сваім суразмоўцам торбы!

“На гэтай торбе напісана, што вы цяпер беларускамоўны чалавек. І калі будзеце хадзіць па вуліцы, усе будуць ведаць, што з вамі можна паразмаўляць па-беларуску”, — звяртаецца ён праз перакладчыцу да студэнтак з Пакінстану. Цікава, што ля беларускага стэнду, які месціцца паміж нямецкім (тут, дарэчы, можна пагутарыць з жонкай новага амбасадара Германіі Манфрэда Хутэрэра) і італьянскім, чарга не змяншаецца. Лабадзенка, карыстаючыся сваімі кнігамі, тлумачыць, чым адрозніваецца стул ад фатэля, і малюе катоў. Большасць публікі — студэнты і выкладчыкі.

“Мы валодаем англійскай і французскай замежнымі мовамі. Англійскую ведаем на ўзроўні С1, французскую вучым менш гадоў, таму маем узровень В1, — кажуць студэнты факультэта міжнародных адносінаў БДУ два Ільі і Ганна. — Насамрэч нам вельмі цікава даведацца пра міжнародны абмен, стажыроўкі, вельмі цікава пагутарыць з аташэ, замежнымі спікерамі, якія бяруць непасрэдны удзел у культурных мерапрыемствах у нашай краіне. У апошні час хочацца даведвацца меркаванне пра краіны менавіта ад носьбітаў мовы, а не з падручнікаў”.

Апроч спаткання з носьбітамі моў тут можна паўдзельнічаць у віктарыне, пачытаць кнігі на мовах, якія прадстаўлены на івэнце, выйграць прызы. Яшчэ — навучыцца мове жэстаў!

Дзень еўрапейскіх моў у Беларусі — стартавае мерапрыемства беларускага кластара EUNIC. EUNIC — аб’яднанне культурных прадстаўніцтваў краін Еўрасаюзу. Яно складаецца з 36 арганізацый з 28-мі краін-сябраў Еўрасаюзу. Адзін з каардынатараў беларускага кластара — дырэктар Інстытута Гётэ ў Беларусі Якаб Рачак абяцае, што свята еўрапейскіх моў будзе цяпер адбывацца ў нашай краіне штогод і стане больш маштабным. 

“Я спадзяваўся, што прыйдзе шмат людзей, але іх вельмі шмат! — усміхаецца Якаб Рачак. — Цяпер у нас прадстаўлены 14 моў краін Еўрапейскага саюзу. Але ў наступным годзе мы хочам, каб тут былі прастаўлены мовы ўсіх краін Еўропы — Нарвегіі, Албаніі, Украіны і г.д. Для мяне таксама важна, каб мы гаварылі пра ненацыянальныя мовы, такія, як, напрыклад, ромская, пра лакальныя еўрапейскія дыялекты і нават эсперанта... У беларускага кластара EUNIC сёння старт, і думаю, што ён паспяховы. Для нас таксама важна супрацоўніцтва паміж усімі еўрапейскімі партнёрамі. Гэта інавацыя, бо ў такім выглядзе мы яшчэ не працавалі разам. Падрыхтоўка да Дня еўрапейскіх моў была вельмі прыемнай і канструктыўнай, таму яшчэ гэта такі фэст еўрапейскага супрацоўніцтва”.