Спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека сустрэўся з кіраўніцтвам беларускага МУС
![Спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека сустрэўся з кіраўніцтвам беларускага МУС](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/mus_1.jpg.webp?itok=iUp-lrCT)
Спецыяльны прадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс 11 сакавіка сустрэўся з міністрам унутраных справаў Беларусі Ігарам Шуневічам. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі далейшае развіццё дыялогу па прыярытэтных і ўзаемапрымальных кірунках. У прыватнасці, гаворка ішла пра развіццё дэмакратычных інстытутаў, супрацьдзеянне гандлю людзьмі і гвалту над жанчынамі.
Стаўрас Ламбрынідзіс знаходзіцца з візітам у Беларусі з 8 сакавіка. Сёння — апошні дзень яго паездкі ў нашу краіну. Гэты візіт быў арганізаваны ўпершыню дзеля спрыяння далейшаму развіццю дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года.
Спецпрадстаўнік ЕС правёў перамовы з кіраўнікамі шэрагу беларускіх ведамстваў, сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, а таксама сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі.