СМІ: Грамадзян Беларусі не называюць сярод пацярпелых пры тэракце ў Барселоне

СМІ: Грамадзян Беларусі не называюць сярод пацярпелых пры тэракце ў Барселоне

Ад тэракту ў Барселоне, дзе фургон наехаў на пешаходаў на бульвары Рамбла, загінулі і пацярпелі грамадзяне прынамсі 18 краінаў. Такую лічбу называе meduza.io са спасылкай на Deutsche Welle.

У ліку ахвяраў ёсць грамадзяне Аўстраліі, Алжыра, Аргенціны, Бельгіі, Венгрыі, Венесуэлы, Германіі, Грэцыі, Ірландыі, Італіі, Кітая, Кубы, Македоніі, Нідэрландаў, Перу, Румыніі ды Францыі. 

Пра грамадзян Беларусі сярод пацярпелых не паведамляецца. МЗС Беларусі ў сваім акаўнце ў Twitter паведаміла, што не мае звестак пра беларусаў, пацярпелых пры тэракце ў Барселоне. 

Выданне La Vanguardia паведаміла, што вядомыя асобы чатырох загінулых замежнікаў — трох грамадзян Германіі і адной падданай Бельгіі. 

Улады Францыі паведамілі пра 26 пацярпелых французаў, 15 з якіх атрымалі сур'ёзныя раненні. Улады Аўстраліі заявілі пра чатырох сваіх суайчыннікаў, пацярпелых у Барселоне, лёс яшчэ аднаго аўстралійца невядомы. Таксама ёсць звесткі пра трох пацярпелых з Нідэрландаў і трох — з Грэцыі. The Guardian інфармуе, што лёгкае раненне атрымаў грамадзянін ЗША.

17 жніўня ў Барселоне зламыснік у аўтафургоне ўрэзаўся ў пешаходаў на бульвары Рамбла. Пры тэракце 13 чалавек загінулі, каля 100 атрымалі раненні. Кіроўца фургона ўцёк з месца здарэння. Спярша паведамлялася, што яго затрымалі, аднак потым гэтая інфармацыя была абвергнутая.

У ноч на 18 жніўня ў горадзе Камбрыльс за 120 км ад Барселоны адбылася яшчэ адна спроба тэракту з выкарыстаннем фургона. Траўмы пры гэтым атрымалі шэсць чалавек. Пяць меркаваных тэрарыстаў былі застрэленыя паліцыянтамі пры затрыманні. 

17 жніўня ў горадзе Альканар, што знаходзіцца на шляху паміж Барселонай і Камбрыльсам, адбыўся выбух. Паліцыя мяркуе, што гэта здарылася пры спробе вырабу бомбы.

Іспанскія праваахоўнікі лічаць. што тэракты ў Барселоне і Камбрыльсе, а таксама выбух у Альканары звязаныя паміж сабой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі