СМІ: Дулуб узначаліць БАТЭ, а Ермаковіч сыходзіць у ЦСКА

СМІ: Дулуб узначаліць БАТЭ, а Ермаковіч сыходзіць у ЦСКА

Беларускі футбольны спецыяліст Алег Дулуб стаў новым галоўным трэнерам ФК БАТЭ. Барысаўчане аб’явяць пра прызначэнне ўжо ў самы бліжэйшы час, інфармуе ў Twitter тэлеканал “Беларусь 5”. Адзначаецца, што ў трэнерскі штаб Дулуба будуць уваходзіць Дзмітрый Молаш і Васіль Хамутоўскі.

Тая ж крыніца паведаміла пра тое, што цяперашні галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч працягне кар’еру ў маскоўскім ЦСКА, дзе стане асістэнтам Віктара Ганчарэнкі. Магчыма, ужо ў бліжэйшыя дні гэта будзе пацверджана афіцыйна. Па звестках Еўрарадыё, Дулуб яшчэ ў чацвер знаходзіўся ў ЗША.

Алегу Дулубу 52 гады. У мінулым сезоне ён працаваў галоўным трэнерам у львоўскіх “Карпатах” і адэскім “Чарнаморцы”, а раней — з мінскімі “Крумкачамі”. Дзмітрыю Молашу 36 гадоў. Ён — вядомы ў мінулым беларускі футбаліст, шэсць гадоў выступаў за БАТЭ. Трэнерскую кар’еру распачаў у 2014-м, быў трэнерам ДЮСШ гэтага клуба. З 2016-га Молаш працаваў з камандай першай лігі “Смалявічы” і летась вывеў яе ў вышэйшую лігу, а нядаўна звольніўся. 39-гадовы Васіль Хамутоўскі, былы брамнік зборнай Беларусі, быў памочнікам Алега Дулуба ў “Чарнаморцы”. Ён, дарэчы, выступаў за БАТЭ ў 1998-1999 гады.

Аляксандр Ермаковіч стаў галоўным трэнерам БАТЭ ў 2013 годзе, пасля сыходу Віктара Ганчарэнкі. Да таго часу ён быў яго асістэнтам. З мінулага года Ганчарэнка з’яўляецца галоўным трэнерам ЦСКА. Пад кіраўніцтвам Ермаковіча БАТЭ паспяхова гуляў у нацыянальным першынстве, але ў еўракубках здараліся правалы. У 2017-м каманда з цяжкасцю стала чэмпіёнам краіны, адбылося гэта на фоне скандалу са “справай Верамко”. Шмат крытыкі прагучала на адрас галоўнага трэнера.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі