С.Мацкевіч: Школьная рэформа тармозіць таксама развіццё эканомікі, культуры

Новая школьная рэформа выкліча праблемы не толькі ўзроўню адукацыі, але і эканамічныя. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё заявіла кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч. Нагадаем, што рашэнне пра пераход на 11-гадовае навучанне прынятае сёння на нарадзе ў кіраўніка Беларусі. З гледзішча тэхналогіі ды эканомікі такія працэдуры, адзначае С.Мацкевіч, патрабуюць велізарных фінансавых выдаткаў. Між тым, школа толькі нядаўна перажыла пераход на 12-годку і яе дагэтуль перыядычна "ліхаманіць" ад не да канца прадуманых працэдураў пераходу.

С.Мацкевіч: І калі цяпер будзе зваротны такі адкат на 11 гадоў, гэта зноў будзе працэдурная блытаніна. І гэта, верагодна, прывядзе да перанапружання кіраўніцкіх структураў у школах.


Эксперт адзначыла, што рэформа вядзе да рэзкага зніжэння якасці адукацыі, бо заведама заніжаюцца патрабаванні да якасці адукацыі.

С.Мацкевіч: Тэндэнцыя на зніжэнне патрабаванняў да адукацыі назіраецца ва ўсім і агучваецца дзяржаўнымі структурамі. Маўляў, нам не трэба, каб усе атрымлівалі вышэйшую адукацыю і г.д. І гэтае зніжэнне зместавых патрбаванняў да адукацыйнага працэсу прывядзе да зніжэння якасці адукацыі ўвогуле.

На думку С.Мацкевіч, новае пакаленне беларусаў папросту не зможа ўключацца ў новыя еўрапейскія працэсы, паколькі будзе выхаванае па архаічных савецкіх канонах. Савецкая адукацыя, адзначае спецыяліст, была добрай для свайго часу. Але цяперашнія інтэграцыйныя працэсы і новыя тэхналогіі высоўваць новыя выклікі.

С.Мацкевіч: Адукацыя павінна гэтыя выклікі прымаць, змяняць сваю структуру, змяняць падрыхтоўку настаўнікаў, навучальныя планы і праграмы... Мы штучна пачынаем гэтыя рэчы тармазіць і казаць: "Мама, нарадзі мяне назад у Савецкі Саюз", гэта азначае, што мы штучна тармозім развіццё не толькі сістэмы адукацыі, але і эканомікі, культуры ўсёй краіны.

Фота — "Беларускія навіны" і "Федэральны адукацыйны партал"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі