Следства не хоча, каб збіты вучань спецвучэльні і яго маці кантактавалі са СМІ

Следства не хоча, каб збіты вучань спецвучэльні і яго маці кантактавалі са СМІ

Следства прызначыла экспертызы па справе аб перавышэнні паўнамоцтваў двума кіраўнікамі магілёўскай спецвучэльні. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

"Следства дало максімальна вычарпальную інфармацыю, факт прад'яўленых абвінавачванняў, прымяненне меры стрымання. Цяпер ідзе актыўная праца з людзьмі, прызначаныя, але не атрыманыя вынікі экспертыз па цялесных пашкоджаннях, аналізуецца цэлы масіў атрыманых даных", — паведаміла Ганчарова.

Прадстаўніца СК звярнула ўвагу на тое, што адзін з пацярпелых і сведка вельмі актыўна кантактуюць з журналістамі, хаця былі папярэджаныя пра адказнасць за разгалошванне даных папярэдняга следства. "Яны паставілі свае подпісы ў адпаведных дакументах, аднак працягваюць распавядаць пра вядомыя ім абставіны крымінальнай справы. Эмацыйны стан ці нейкія асабістыя прычыны рухаюць гэтым, але ёсць працэсуальны парадак, і хочацца звярнуць увагу на недапушчальнасць перашкаджаць следству высвятляць абставіны", — падкрэсліла Ганчарова. 

За разгалошванне даных папярэдняга следства парушальнікам пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў. 

Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра навучэнца спецвучэльні, які пасля збіцця апынуўся ў лякарні, і яго маці. У гутарцы з Еўрарадыё хлопец распавядаў сваю версію падзеяў. 

Нагадаем, 26 лістапада шасцёра хлопцаў уцяклі са спецвучэльні №2 у Магілёве, але ў той самы дзень былі злоўленыя. Злоўленых хлопцаў збілі і незаконна зачынілі ў пакоі. Адзін з іх пасля гэтага апынуўся ў лякарні з пераломам пазваночніка. На дырэктара спецвучэльні і яго намесніка пачалі крымінальную справу за перавышэнне паўнамоцтваў. Абодва мужчыны затрыманыя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі