Следчы камітэт: Рабаўнік банка ў Магілёве прызнаецца ў злачынстве

Следчы камітэт: Рабаўнік банка ў Магілёве прызнаецца ў злачынстве

Следчыя дзеянні ў дачыненні да 28-гадовага грамадзяніна Расіі, які 20 лістапада спрабаваў абрабаваць аддзяленне “Беларусбанка” ў Магілёве, працягваюцца. Параненага падчас затрымання ў нагу рабаўніка перавялі са шпіталя ў медчасць магілёўскага СІЗА. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Кабаковіч: “Цяпер ён знаходзіцца ў Следчым ізалятары, дзе яму аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Праводзяцца прызначаныя экспертныя даследаванні, працягваюцца допыты сведак і відавочцаў з мэтай пасекунднага аднаўлення карціны здарэння. Асноўны момант у тым, што затрыманы на дадзены момант дае паказанні, у якіх прызнаецца ў злачынстве”.

Калі справа можа быць перададзеная ў суд, у Следчым камітэце пакуль не ўдакладняюць.

Нагадаем, днём 20 лістапада 28-гадовы грамадзянін Расіі ўварваўся у аддзяленне банка і, пагражаючы пісталетам, запатрабаваў грошы. Супрацоўніца банка паспела націснуць трывожную кнопку. Нападнік аказаўся заблакаваны ў памяшканні супрацоўнікамі Дэпартамента аховы, 8 наведвальнікаў і 6 супрацоўнікаў банка аказаліся закладнікамі.

Па патрабаванні ўзброенага мужчыны яму падалі аўтамабіль. У якасці закладніка ў машыну сеў першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў. Уцякаючы, мужчына страляў у міліцыянераў. Тым давялося ўжыць табельную зброю. Параненага ў нагу зламысніка затрымалі і шпіталізавалі.

Зламысніку прад'явілі абвінавачанне ў разбоі і захопе закладнікаў. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў міліцыянтам за бліскучую аперацыю па абясшкоджванні рабаўніка банка ў Магілёве. Па яго словах, гэта была адна з найлепшых аперацый беларускай міліцыі. Лукашэнка падкрэсліў, што ён быў у курсе аперацыі з першых яе хвілін. "Правільна, што хлопцы дзейнічалі жорстка", — заявіў ён. Кіраўнік Беларусі параўнаў падобныя злачынствы з тэрактам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі