Следчаму далі 2 гады за “падставу” з наркотыкамі

Аператыўнік падбухторваў закаханую ў яго дзяўчыну набыць наркотыкі. Аднак нягледзячы на прысуд, за краты следчы не трапіў. Бо тэрмін умоўны. Еўрапейскае радыё здолела знайсці толькі адну “наркатычную” гісторыю, якая скочылася кратамі не для дзяўчыны, якая па просьбе аператыўніка аддзела па наркакантролі набывала наркотык, а для міліцыянта-правакатара.

Амаль паўгода таму 19-гадовая навучэнка ПТВ №225 Гродна Алеся Дарожка пазнаёмілася праз Інтэрнэт з хлопцам. Перапіска, сустрэчы, раптоўнае каханне — і, як вынік, цяжарнасць. Вось толькі працяг гісторыі атрымаўся не рамантычны. Спачатку хлопец казаў, што ён наркаман і папрасіў дапамагчы дастаць дозу. А калі Алеся праз знаёмых здолела выканаць просьбу, каханы прызнаўся, што проста выконваў сваю працу.

Аднак Алеся Дарожка ў калонію не патрапіла, абвінавачванні з яе знялі. А аператыўніка Сакалова з Кастрычніцкага РАУС спачатку звольнілі з працы, а потым асудзілі. Далі два гады ўмоўна за “перавышэнне ўлады”.

Як дзяўчыне ўдалося выйсці на волю пасля следчага эксперыменту, Еўрарадыё высветліла ў старшага следчага пракуратуры Кастрычніцкага раёна Гродна Юрыя Семянчука, які вёў гэтую справу.

Юрый Семянчук: “Ад дзяўчыны прыйшла заява, што да таго, як распачалі на яе крымінальную справу, яна была ў блізкіх стасунках з супрацоўнікам міліцыі. Калі супрацоўнік уступае ў блізкія адносіны і, выкарыстоўваючы іх, падштурхоўвае да набыцця наркотыкаў, тады мы распачынаем крымінальныя справы супраць іх. А калі проста просяць знайсці і людзі знаходзяць – такіх выпадкаў шмат, — суддзі выносяць прысуды”.

Атрымліваецца, што Алесю Дарожку выратавала ад прысуду “блізкасць” з аператыўнікам. У пракуратуры прызнаюць, што аператыўнікі выкарыстоўваюць “падставы” таму, што так лягчэй дабіцца пэўных вынікаў і павялічыць паказчыкі па затрыманых.

Юрый Семянчук: “Ёсць такое паняцце, як паказчыкі. І яны дзеля гэтых паказчыкаў не “ўкараняюцца” самі, а выкарыстоўваюць іншых людзей. Так хутчэй”.

Знайсці неабходных людзей, увайсці да іх у давер — на ўсё патрэбны час. Замаруджванне справы не ідзе на карысць паказчыкам. А слабыя паказчыкі дрэнна ўплываюць на колькасць зорак на пагонах. Таму следчыя выкарыстоўваюць людзей з вуліцы, якія могуць выклікаць давер у гандляроў. Дарэчы, усе “гучныя справы” с нарка-“падставамі” чамусьці адбываюцца ў Гродне.

На думку следчага, такіх “выкарыстаных” людзей трэба не саджаць, як гэта робіцца ў нас зараз, а абараняць ад самой міліцыі.

Юрый Семянчук: “Такіх людзей нельга прыцягваць да адказнасці. Іх небходна выводзіць з-пад абвінавачвання і пераводзіць у сведкі. На практыцы – іх караюць. А гэта, на маю думку, няправільна”.

Алеся Дарожка збіралася сёлета паступаць у ВНУ, але, па словах маці Леакадзіі Дарожкі, зараз у яе не той псіхалагічны стан, каб вучыцца. Яна цураецца людзей і з’ехала з горада.

Леакадзія Дарожка: “Ён проста ў маёй дзяўчынкі адняў жыццё і здароўе. Тое, што мы перажылі разам з ёй, я не пажадаю перажыць самаму злому ворагу”.

Нараджаць дзіця Алеся не стала, і маці гэтаму рада. Кажа, разумее, што дзіцё ні ў чым не вінаватае, але… Умоўны тэрмін пакарання аператыўніку яе не здзівіў. Кажа, чалавеку з гэтай сістэмы даць больш і не маглі.

А былы аператыўнік Сакалоў збіраецца абскардзіць прысуд, напісаў касацыйную скаргу ў вышэйшую інстанцыю. Відаць, не лічыць сябе вінаватым. Можа нават, спадзяецца вярнуцца на службу ў органы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі